Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

З першых месяцаў года пачаў папаўняцца і абнаўляцца аўтатрактарны парк Валожынскага лясгаса.

Літаральна напрыканцы лютага паступіў машына-пагрузачна-транспартны сродак для транспарціроўкі лесу (МТЗ з цялежкай). Плануецца, што навінка будзе перададзена ў Каменскае лясніцтва. Праз дзень быў дастаўлены новы аўтамабіль сартыментавоз. Дарэчы, немалаважна, што ўся тэхніка набыта за ўласныя сродкі.

У канцы лютага ў рэжыме анлайн прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. У ёй бралі ўдзел старшыня раённай арганізацыі А. У. Трацэўская, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня прэзідыума раённай арганізацыі І. У. Шакун і галоўны бухгалтар ветстанцыі М. М. Кулак, якая ўзначальвае рэвізійную камісію раённай арганізацыі і пярвічную арганізацыю ў сваім калектыве.

У справаздачным дакладзе старшыня Л. С. Мусянкова падвяла вынікі работы за мінулыя 5 гадоў, прааналізавала перспектыўныя кірункі дзейнасці старэйшай дабрачыннай арганізацыі. Наша раённая арганізацыя была адзначана як адна з лепшых у вобласці. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі А. Трацэўская і валанцёр Т. Кулік-Панарад. Старшынёй абласной арганізацыі на новы перыяд зноў абрана Л. Мусянкова, таксама абраны новы састаў прэзідыума.

3 сакавіка адзначаўся Сусветны дзень дзікай прыроды. З гэтай нагоды супрацоўнікі гарадскога краязнаўчага музея падрыхтавалі віртуальную вандроўку “Свет запаведнай прыроды”, якая разлічана на вучняў 2-4 класаў.

На каляровых слайдах можна ўбачыць прыгожыя віды Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”, рэдкіх звяроў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Дэманстрацыя слайдаў суправаджаецца цікавай і карыснай інфармацыяй пра флору і фаўну Налібоцкага краю. Інфармацыя пра віртуальную вандроўку разаслана па ўсіх навучальных установах раёна, і ў музеі чакаюць юных экскурсантаў.

170 жыхароў раёна пабывалі на прадстаўленні “С муженским днем”, якое падарыў вядомы артыст размоўнага жанру, гумарыст Святаслаў Ешчанка.

Людзі з тэлевізара далёка нячастыя госці на сцэне нашага Цэнтра культуры, таму можна смела сказаць, што валожынцам пашчасціла. Да таго ж артысты гэтага жанру не могуць выступаць пад фанаграму… Шматлікія пародыі С. Ешчанкі даўно палюбіліся гледачам. Гэта былі амаль дзве гадзіны смеху і добрага настрою. Адпрацаваў гумарыст сумленна, і ніхто не пашкадаваў пра патрачаныя на білет грошы. Работнікі ўстаноў культуры з розных куткоў раёна арганізавалі дастаўку гледачоў, такім чынам на прадстаўленні пабывалі больш за 30 жыхароў Дубіны, 10 – Дораў, 8 – Івянца і Бабровічаў, таксама з Пугачоў і Сугваздаў, работнікі Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Білеты для сваіх работнікаў набылі прафкамы лясгаса, райаграпрамтэхнікі, іншыя.

Наведвальнікаў дзённага аддзялення для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва вельмі радуе сучасны акварыум на 25 літраў, устаноўлены ў аранжарэі.

Новы акварыум – падарунак бацькоў аднаго з выхаванцаў – Яўгенія Барбашынскага, за што ім вельмі ўдзячны і кіраўнік аддзялення, і наведвальнікі. Акварыум стварае сапраўдны рэлакс. Дарэчы, Анатоль і Алена Барбашынскія ніколі не адмаўляюць у дапамозе і падтрымцы.

Амаль 50 вучняў і выкладчыкі Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў пабывалі на канцэрце лаўрэата міжнародных конкурсаў, саліста Белдзяржфілармоніі, баяніста Уладзіслава Плігаўкі. Артыст не ў першы раз наведаў Валожын і школу мастацтваў, таму сустракалі яго як добрага знаёмага.

У праграме прагучалі кампазіцыі розных стыляў і эпох, розных кампазітараў. Адначасова артыст расказваў пра свой шлях у музыцы. Юныя музыканты атрымалі таксама карысную інфармацыю пра аўтараў і іх творы.

На працягу трох дзён у Маладзечне праходзіла першынство Мінскай вобласці па настольным тэнісе сярод юніёраў і юніёрак 2003 года нараджэння і маладзейшых.

Разгарнулася нежартоўная барацьба за кожнае ачко. У выніку каманда дзяўчат нашай ДЮСШ у складзе Дзіяны Ліхтаровіч, Лізаветы Сучкевіч і Аліны Бункевіч заняла другое месца, уступіўшы з лікам 2:3 камандзе гаспадароў. Каманда юнакоў, куды ўваходзілі Ягор і Мікалай Шчаголавы і Уладзіслаў Адашкевіч, заняла трэцяе месца, прапусціўшы наперад сваіх равеснікаў з Маладзечна і Дзяржынска. У асабістым заліку Д. Ліхтаровіч заняла 1-е месца, Л. Сучкевіч – 3-е. У парным заліку Л. Сучкевіч і Е. Князева былі першымі, Д. Ліхтаровіч і А. Бункевіч – другімі, браты Шчаголавы таксама занялі другое месца. У міксце Я. Шчаголаў і Д. Ліхтаровіч былі трэцімі.