Віншаванні прымалі праваахоўнікі

Закон и порядок Общество

Да Дня беларускай міліцыі ў кінатэатры “Юнацтва” райцэнтра адбыліся ўрачысты сход і святочны канцэрт “Вам, людзі доўгу і адвагі”. У зале сабраліся супрацоўнікі РАУС, іх родныя і блізкія, ветэраны праваахоўных органаў і госці, запрошаныя на мерапрыемства. Яшчэ ў фае іх віталі прадстаўнікі моладзі Валожыншчыны.

Ганаровае права першым павіншаваць калег са святам было прадастаўлена намесніку начальніка крымінальнай міліцыі УУС Мінаблвыканкама палкоўніку Ігару Качалаву. Ён заўважыў, што ніколі праца ў органах унутраных спраў не была простай і лёгкай. Якія б цяжкія іспыты не выпадалі на долю беларускага народа, супрацоўнікі міліцыі ў першых радах падымаліся на барацьбу з ворагам, цаной жыцця аберагалі родныя межы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, змагаліся з бандытызмам у пасляваенныя і складаныя дзевяностыя, прымалі ўдзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС і інш. І сёння праваахоўнікі з гонарам і годнасцю нясуць службу. Ігар Міхайлавіч выказаў ім словы ўдзячнасці, пажадаў сямейнага дабрабыту, шчасця, кар’ернага росту, каб на жыццёвым шляху сустракаліся верныя і надзейныя сябры, якія не раздумваючы падставяць плячо ў цяжкую хвіліну.

Затым палкоўнік міліцыі ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, медаль “За бездакорную службу” II ступені атрымаў старшы аператыўны дзяжурны аператыўна-дзяжурнай службы Уладзімір Шукевіч. Нагруднага знака “За прафесійныя поспехі” загадам МУС Рэспублікі Беларусь удастоены намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Акушка, нагруднага знака “Выдатнік міліцыі” – міліцыянер-дзяжурны ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту, Віктар Аляксандраў. Граматай УУС Мінаблвыканкама ўзнагароджаны начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандр Аляксандравіч Чаховіч. Падзякі начальніка УУС Мінаблвыканкама аб’яўлены інспектару дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ Дзмітрыю Жалтко і памочніку дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Максіму Чэрню. Чарговае спецыяльнае званне маёра міліцыі прысвоена старшаму інспектару крымінальна-выканаўчый інспекцыі Вользе Сухадолец, званне прапаршчыка міліцыі – міліцыянеру-вадзіцелю ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту, Віктару Брылеўскаму. За высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці падзячныя лісты начальніка УУС Мінаблвыканкама атрымалі бацькі оперупаўнаважаных аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандра Бадрызлава і Вадзіма Бандарэнкі.

Другім на сцэну падняўся намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун. Ад імя райвыканкама і ўсіх жыхароў раёна ён павіншаваў прысутных з прафесійным святам, выказаў словы падзякі за добрасумленную паўсядзённую працу. Асобныя словы ўдзячнасці Ігар Уладзіміравіч адрасаваў ветэранам міліцыі, а таксама павіншаваў жанчын з надыходзячым святам 8 Сакавіка.

За прафесіяналізм і высокую рэзультатыўнасць дзейнасці па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю ён уручыў Падзякі старшыні Мінаблвыканкама намесніку начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандру Акушку, начальніку аддзялення крымінальнага вышуку Арцёму Гульбе, старшаму ўчастковаму інспектару Аляксею Букштановічу. Ганаровыя граматы райвыканкама атрымалі ўчастковы інспектар Дзяніс Зубкоўскі, інспектар аддзялення па грамадзянстве і міграцыі капітан Людміла Бабіч. Падзякі старшыні райвыканкама аб’яўлены начальніку крымінальна-выканаўчай інспекцыі Ігару Міхайлаву і міліцыянеру-вадзіцелю аператыўна-дзяжурнай службы Аляксандру Голубу.

 Затым прысутныя прымалі віншаванні ад начальніка Валожынскага РАУС Дзмітрыя Вяроўчыка. Падзяку начальніка РАУС атрымалі старшы інспектар групы інфармацыйнага забеспячэння Алена Паланцэвіч і ветэран органаў унутраных спраў Уладзімір Каўрыга. Юбілейны медаль “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” Дзмітрый Аляксандравіч уручыў начальніку інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандру Чаховічу і ветэрану органаў унутраных спраў Аляксандру Васілеўскаму, медаль “75 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне” – міліцыянеру-дзяжурнаму і міліцыянеру-вадзіцелю ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых або заключаных пад варту, Аляксандру Мазаніку і Віктару Брылеўскаму.

Павіншаваць праваахоўнікаў з іх прафесіянальным святам на мерапрыемства завіталі кіраўнікі структур, якія цесна супрацоўнічаюць з РАУС. На сцэну падняліся начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віталій Юрэвіч, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Сівы і начальнік адасобленай групы раёна ваеннага камісарыята Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў Юрый Нахай. Яны ўручылі ўзнагароды за эфектыўнае садзейнічанне, плённае ўзаемадзеянне і цеснае дзелавое супрацоўніцтва старшым участковым інспектарам Аляксандру Кажэку і Валерыю Гарбачэўскаму, участковым інспектарам Дзянсу Богдану, Юрыю Касперчуку, Артуру Махмудаву і Дзмітрыю Абрамовічу, інспектару па дазвольнай рабоце Ігару Родзевічу.

Магчымасцю павіншаваць сваіх калег скарыстаўся старшыня Валожынскай пярвічнай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск Віктар Якутовіч. Ён выказаў словы падзякі за працу і наказаў любіць Радзіму, абараняць яе інтарэсы, ні ў якім разе не адступацца ад прысягі, быць верным сабе і сваім жыццёвым прынцыпам.

На працягу ўсяго мерапрыемства добры настрой прысутным стваралі артысты раённага Цэнтра культуры Таццяна Рыснік, Мікалай Салко, Ангеліна Пекар, салістка ўзорнай студыі “Праменьчыкі” Яна Санюковіч, Таццяна Бандарэнка, народны ансамбль народнай песні “Сваякі”, танцавальны калектыў і салісты Аксана Шчэцька і Марыя Вайткевіч Івянецкага дома культуры.

Анжэла РАДЫНА,фота аўтара