Таямніцы ткацтва

Культура

Выстава “Дарожка да спадчыны”, якая праходзіла ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”, дазволіла наведвальнікам на нейкі час акунуцца ў мінулае і прыгадаць, як жылі нашы продкі.

Людзі старэйшага ўзросту добра памятаюць, як некалі амаль у кожнай сялянскай хаце стаялі кросны для ткацтва і калаўроты, на якіх пралі лён і воўну. Сёння ўсё гэта – гісторыя. Але ёсць тыя, хто беражліва захоўвае спадчыну былых пакаленняў.

На вышэйназваную выставу жыхаркі Подберазі Лілія Іосіфаўна МАРАЗОЎСКАЯ і Галіна Фёдараўна БАРАНОЎСКАЯ прадаставілі тканыя работы сваіх матуль Яніны Іванаўны Садоўскай і Марыі Сямёнаўны Селівон, якія жылі ў вёсках Вароні і Анцэлеўшчына і ўжо, на жаль, пайшлі з жыцця.

Завітаўшы ў памяшканне “Скарбніцы”, можна было ўбачыць саматканыя посцілкі і ручнікі розных відаў і памераў. Асабліва наведвальнікаў уражваў вялікі ручнік Марыі Сямёнаўны Селівон. Яе дачка расказала, што маці вешала яго на святы адразу на тры абразы на куце. Хата адразу пераўвасаблялася, ва ўсім адчуваўся подых надыходзячай урачыстасці: Вялікадня, Каляд і інш. Дзеці чакалі іх з нецярпеннем.

Галіна Фёдараўна заўважыла, што сама ніколі не бачыла сваю маці за кроснамі, а гэтыя рэчы, якія захоўвае, рыхтаваліся яшчэ маладой дзяўчынай сабе на пасаг. Пасля замужжа за восем гадоў нарадзіліся шасцёра дзяцей, таму часу на ткацтва не заставалася. А вось за калаўротам сядзела яна часта: прала воўну, а таксама добра шыла, вязала. Навучыла гэтаму і дзяцей. З пражы ад ангорскай казы, ужо калі была дарослай, дачка звязала сабе кофту, якой карыстаецца па сённяшні час.

Лілія Іосіфаўна Маразоўская ж добра памятае, як ткала не толькі маці, але ў іх хату па чарзе прыходзілі папрацаваць і многія іншыя жанчыны з вёскі. Яна з сястрой аказвалі пасільную дапамогу. Наогул, сям’я трымала вялікую гаспадарку, таму ўсе былі занятыя справай. На дзецях таксама ляжала шмат абавязкаў. Нават вечарам тэлевізар глядзець проста так дзяўчынкі не садзіліся, абавязкова нешта рабілі: скублі воўну, пер’е, дапамагалі размотваць маткі нітак і інш.

Умела маці рабіць і валёнкі. Гэты працаёмкі працэс і цяпер стаіць у вачах. На кухні ставілі вялікі стол, раскладалі падрыхтаваную воўну. Унутр закладвалі льняное палатно, каб сценкі не зліпаліся. Затым матуля качала воўну, пакуль не атрымліваўся вялізны валёнак. Самым цікавым было, калі яна палівала нарыхтоўку мыльным кіпнем, і тая меншала ў памерах. Пасля ў атрыманы абутак жанчына ўсоўвала драўляныя капылы і ставіла на печ сушыць. Адна пара маміных валёнак захавалася і заняла пачэснае месца на выставе.

Вельмі важна, што такія рарытэтныя рэчы застаюцца, дзеці зберагаюць памяць пра сваіх родных і папулярызуюць культурную спадчыну сярод моладзі: дзяцей, унукаў, праўнукаў…

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара