Спаборніцтвы юных дзюдаістаў

Спорт

На базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу адбыўся I Рэспубліканскі турнір па дзюдо сярод навічкоў “Юны патрыёт”, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ДЮСШ раёна і спартыўны клуб “Вітаўт”. На адкрытым турніры прысутнічалі начальнік ЦБП № 514 ААТ “Белаграпрамбанк” Віктар Зянонавіч Падгайскі, заслужаны трэнер СССР, Рэспублікі Беларусь, прафесар самба і дзюдо Эрнст Антонавіч Міцкевіч, начальнік фізічнай падрыхтоўкі вайсковай часці 30695 Аляксандр Юр’евіч Аўсіенка, заснавальнік спартыўнага клуба “Вітаўт” Віктар Эрнставіч Міцкевіч, дырэктар ДЮСШ Валожынскага раёна Дзмітрый Васільевіч Ажарэльеў. Удзельнікаў спаборніцтваў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун. Прадстаўнікі вайсковай часці 30695 прадэманстравалі прысутным баявое самба.

У Валожын з’ехаліся каля трохсот удзельнікаў з 15 каманд розных спартыўных школ і клубаў усёй Беларусі. Юныя спартсмены з Брэста, Барысава, Віцебска, Давід-Гарадка, Жодзіна, Мінска, Маладзечна, Оршы, Ашмян, Смаргоні з прыўзнятым настроем прыступілі да адзінаборстваў. Спаборніцтвы праходзілі ў цёплай сяброўскай абстаноўцы ва ўтульнай спартыўнай зале на трох татамі. Кожны юны дзюдаіст стараўся праявіць сябе па максімуме. Цікава было назіраць за хлопчыкамі і дзяўчынкамі на рынгу. Усім хацелася перамагчы.

Час спаборніцтваў праляцеў непрыкметна, хаця барацьба доўжылася да позняга вечара. Суддзі падвялі вынікі і вызначылі пераможцаў. Лепшымі дзюдаістамі ДЮСШ Валожынскага раёна ў сваіх вагавых катэгорыях сталі Карына Насовіч, якая заняла 1-е месца; Паліна Скаромнава, Лізавета Ярашэвіч, Захар Сухадолец, Арцём Ярашэвіч, Віктар Кісліцкі, у якіх 2-я месцы; Валянціна Матус, Крысціна Трашчынская, Антон Рудовіч, Павел Лушчык, Яраслаў Лысенка, Ангеліна Жамоздзік, якім прысуджаны 3-я месцы.

Камандны Кубак пераможцы заваявала каманда ДЮСШАР са Смаргоні, 2-е месца ў спартыўнага клуба “Радзіміч” з Мінска, 3-е – у спартыўнага клуба “Тыгр” таксама з Мінска.

Завяршылася ўрачыстае ўзнагароджанне. Ва ўпорнай барацьбе хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі зарад бадзёрасці, энергіі і пазітыву. Дадому яны ад’язджалі з моцным жаданнем яшчэ раз сабрацца ў Валожыне.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара