У Беларусі выяўлены брытанскі штам каранавіруса

COVID-19

У Беларусі выяўлены брытанскі штам каранавіруса, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

«У Беларусі выяўлена некалькі першых выпадкаў інфіцыравання брытанскім штамам COVID-19. Гэта пацвердзілі даследаванні спецыялістаў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі», — адзначылі ў прэс-службе.

Як расказала загадчык лабараторыі дыягностыкі ВІЧ і спадарожных інфекцый Алена Гасіч, у РНПЦ пастаянна праводзяцца даследаванні па генатыпаванні і вызначэнні мутацый віруса SARS-CoV-2, што цыркулюе або завозіцца на тэрыторыю краіны. Першыя ўзоры брытанскага штама беларускія спецыялісты знайшлі ў людзей, прыбыўшых з-за мяжы — Польшчы, Украіны, Егіпта. Яшчэ некалькі станоўчых узораў атрыманы ў асоб, інфіцыраваных на тэрыторыі краіны.

Алена Гасіч адзначыла, што «ва ўзорах выяўлена дэлецыя ў 69 і 70 пазіцыях гена S бялку, характэрная для брытанскага варыянта віруса». Рэзультаты дадатковага секвеніравання ўчастка гена S бялку ў чатырох пробах паказалі наяўнасць амінакіслотных замен у пазіцыях N501Y, A570D, D614G, што таксама характэрна для брытанскага варыянта віруса. Для пацвярджэння цыркуляцыі на тэрыторыі Беларусі новых варыянтаў SARS-CoV-2 з адным узорам праведзена поўнагеномнае секвеніраванне, рэзультаты аналізу якога ў праграме GISAID паказалі прыналежнасць даследаванага генома да брытанскага варыянта.

У прэс-службе дадалі, што развіццё пандэміі COVID-19 абумоўлена ў тым ліку праблемай зменлівасці ўзбуджальніка. Гэты феномен добра вядомы для РНК-геномных вірусаў (напрыклад, грып, ВІЧ) і дазваляе ўзбуджальнікам падтрымліваць і развіваць папуляцыю за кошт больш эфектыўнай адаптацыі да адчувальных клетак. Для прафілактыкі гэтай з’явы неабхордна весці пастаянны малекулярна-эпідэміялагічны маніторынг змяненняў генома ўзбуджальніка, прытрымлівацца фізічнага дыстанцыравання і праводзіць вакцынацыю.

Новы варыянт віруса SARS-CoV-2, які атрымаў найменне В.1.1.7, выяўлены ў лістападзе 2020 года. Згодна з данымі СААЗ, у агульнай колькасці ўжо больш за 100 краін ва ўсіх шасці рэгіёнах свету паведамілі пра выпадкі распаўсюджання брытанскага варыянта штама каранавіруса.