Лукашэнка падзякаваў урачам за іх работу ў няпросты час

COVID-19 Важное Главное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падзякаваў урачам за іх работу ў няпросты час і за тое, што яны навучыліся спраўляцца з рознымі захворваннямі. Аб гэтым ён заявіў сёння, сустракаючыся з работнікамі Маладзечанскай ЦРБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Вам дзякуй, што вы навучыліся лячыць розных людзей. Мы нічога не разумелі ў гэтым, нічога не ведалі, але цяпер мы навучыліся лячыць хворых», — падкрэсліў Прэзідэнт, закранаючы праблему пандэміі каранавіруса. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заклікаў людзей на расслабляцца і папярэдзіў, што «гэта зараза ад нас яшчэ нікуды не дзелася». Таму важна не пагарджаць элементарнымі правіламі гігіены.

Кіраўнік дзяржавы таксама станоўча выказаўся пра работу медыкаў Маладзечанскай ЦРБ: «У Маладзечне на даволі высокім узроўні працуюць і ўрачы, і малодшы і сярэдні персанал. Гэта радуе. Гэта паказчык», — адзначыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, у 11 буйных гарадах краіны ёсць міжраённыя цэнтры медыцынскай дапамогі, накшталт такіх, што ў Маладзечанскай ЦРБ. «Думаю, што і там прыкладна такі ж будзе ўзровень (аказання меддапамогі. — Заўвага БЕЛТА)», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт згадаў і пра з’яўленне ў Беларусі брытанскага штама каранавіруса. «Панікаваць не трэба. Мы да гэтага рыхтаваліся, абмяркоўвалі гэту праблему і ведаем, што рабіць. Вы (медыкі. — Заўвага БЕЛТА) таксама ведаеце, што рабіць. Галоўнае — без панікі. Спакойна мы пройдзем гэтыя этапы», — падкрэсліў ён.