У 2020 годзе рэалізавана больш за 20 культурных праектаў дзякуючы грантам Прэзідэнта

Культура

У 2020 годзе было рэалізавана 23 праекты дзякуючы грантам Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве культуры.

Гранты вылучаліся для правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў і наватарскіх праектаў для развіцця беларускай культуры і захавання нацыянальных духоўных традыцый.

Так, у Нацыянальным гістарычным музеі прайшлі экспазіцыйныя праекты «Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн» і «Музейныя калекцыі: другое нараджэнне». У Нацыянальным мастацкім музеі публіка ўбачыла наватарскія выставы «Ян Дамель. Палатно, папера, лічба» і «Чырвоны — код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, улада». У ходзе рэалізацыі наватарскага праекта «Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі» праведзены міжнародная археалагічная канферэнцыя «Экспедыцыя працягласцю ў жыццё. Актуальныя пытанні археалогіі і нумезматыкі Беларусі і сумежных рэгіёнаў», два навуковыя семінары «Вытокі беларускай археалогіі», валанцёрскі археалагічны лагер «Наўры — 2020». Па выніках праекта створаны часовыя экспазіцыі «Археалагічны помнік: Фіксацыя мінулага ў мінулым», «Археалагічныя тэкстуры: натхненне мінулым», «Археалогія смерці: Памяць. Вечнасць. Продкі».

Да 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі ў час экспазіцыі «Перамаглі разам. Франтавыя пісьмы як пасланне з мінулага» прадставілі больш за 1,2 тыс. пераведзеных у лічбавы фармат франтавых пісем, паведамленняў, дакументаў, фатаграфій і шматлікі дапаможны матэрыял.

Акрамя таго, паспяхова выступілі на міжнародных конкурсах і фестывалях навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў прэзентаваў у Палацы культуры ветэранаў у Мінску канцэрт «Туці збірае сяброў», а таксама музычны праект «Песні пакаленняў» у Маладзёжным тэатры эстрады.

У Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку пры рэалізацыі праекта «Мне лёсам вызначаны Полацк…» арганізавана серыя мерапрыемстваў, якія прысвечаны творчасці дзеячаў беларускай культуры, створана тры відэафільмы, сабрана больш за 500 прадметаў музейнага значэння, звязаных з дзейнасцю ганаровых грамадзян Полацка.

У Доме рамёстваў і фальклору Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна выраблены адзін падлогавы і чатыры настольныя станкі для ткацтва ручнікоў. Саткана пяць традыцыйных ажурных ручнікоў, арнаменты якіх распрацаваны ў адпаведнасці з ўзорамі фондаў Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея.

Інтэрнэт-рэсурс «Падпольны і партызанскі друк Беларусі» прэзентаваны на анлайн-партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На сайце можна знайсці 120 найменняў газет і 1315 выпускаў, 40 медыядакументаў, 152 лістоўкі, 13 рукапісных матэрыялаў, 73 выяўленчыя дакументы, 135 плакатаў. Акрамя гэтага, створаны анлайн-рэсурс «Рукапісы сучасных беларускіх аўтараў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі».

Па выніках правядзення праекта «Рэха Перамогі» створана і размешчана на сайце Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна паўнатэкставая база даных, якая ўключае 3027 артыкулаў з рэспубліканскіх, абласных і раённых газет за перыяд з 1945 па 1965 год. Выяўлена 2868 персаналій і 562 населеныя пункты, дзе альбо праходзілі баявыя дзеянні, альбо нарадзіліся ці жылі ўдзельнікі ВАВ. Таксама ва ўстанове створаны электронны рэсурс «Андрэй Макаёнак — чалавек, драматург, майстар», экспанавалася банерная выстава «Тэатр — крыніца яго натхнення».

Вынікі і эфектыўнасць праектаў у сферы культуры, для выканання якіх былі прадастаўлены гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2020 год, былі разгледжаны рэспубліканскай камісіяй па грантах Прэзідэнта. Як адзначылі ў ведамстве, вынікі рэалізаваных праектаў актуальныя і запатрабаваныя ў дзейнасці арганізацый культуры, прадаўжаюць прыносіць даход, выкарыстоўвацца пры правядзенні розных мерапрыемстваў.