Лукашэнка: беларусы пасля непарадкаў мінулага года ставяць бяспеку і стабільнасць на першае месца

Главное

Беларускія грамадзяне ставяць пытанні бяспекі і стабільнасці на першае месца. На гэта звярнуў 13 сакавіка ўвагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў у «Раўбічах», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Журналісты згадалі нядаўняе сацыялагічнае даследаванне, якое было праведзена ў краіне напярэдадні VI Усебеларускага народнага сходу. Адказваючы на пытанне, якія дасягненні суверэннай Беларусі трэба захаваць, 72,9 працэнта апытаных адзначылі парадак і стабільнасць у краіне, 57,3 працэнта — суверэнітэт і незалежнасць. Сярод агульнанацыянальных мэт на першым месцы таксама забеспячэнне стабільнасці і бяспекі — за гэта прагаласавалі 68,6 працэнта апытаных. Нават павышэнне якасці жыцця грамадзяне паставілі на другое месца — 58,5 працэнта.

«Тое, што людзі на першае месца паставілі бяспеку і стабільнасць, для мяне не было нечаканым. Гэтыя пратэстуны нам працэнтаў у гэтым плане дабавілі. Я ўжо гаварыў: проста вы і наш народ, паглядзеўшы на непарадкі мінулага года, зразумелі, што могуць страціць. Таму людзі заклапоціліся бяспекай і стабільнасцю», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што разважлівых людзей у краіне заўсёды было больш, пераважная большасць іх і цяпер. «А нюансы не для сённяшняга дня. Вельмі шмат ёсць што расказаць. Але гэта з часам, — заінтрыгаваў кіраўнік дзяржавы. — Звярніце ўвагу на маю фразу: сяброў у нас у свеце няма».

Як паведамлялася, па заказе БЕЛТА з 12 студзеня па 8 лютага Аналітычны цэнтр ЕсооМ правёў у Беларусі сацыялагічнае апытанне. Былі апытаны амаль 10 тыс. рэспандэнтаў у 108 населеных пунтках усіх рэгіёнаў краіны.

Згодна з даследаваннем, Прэзідэнту Беларусі давяраюць 66,5 працэнта жыхароў Беларусі. Бабарыку — 2,5 працэнта, Ціханоўскай — 1,5 працэнта, Латушку — 1,3 працэнта, Гайдукевічу — 1,9 працэнта, Галоўчанку — 3,8 працэнта, Румасу — 0,4 працэнта, Качанавай — 4,4 працэнта, Макею — 2,4 працэнта. Нікому з прадстаўнікоў улады і палітыкам не давяраюць 5,8 працэнта апытаных.

57,8 працэнта рэспандэнтаў упэўнены, што дзеянні дзяржавы, накіраваныя на спыненне вулічных пратэсных акцый, абгрунтаваныя. Большасць беларусаў упэўнены: акцыі пратэсту аказваюць негатыўнае ўздзеянне на якасць жыцця насельніцтва. Такая пазіцыя ў 75,9 працэнта рэспандэнтаў.

Адказваючы на пытанне, якія дасягненні суверэннай Беларусі трэба захаваць, 72,9 працэнта апытаных адзначаюць парадак і стабільнасць у краіне, 57,3 працэнта — суверэнітэт і незалежнасць, 54,2 працэнта — узровень аказання медыцынскіх, адукацыйных паслуг, 48,9 працэнта — якасць прадуктаў харчавання і тавараў прамысловай вытворчасці, 39,3 працэнта — сацыяльную накіраванасць унутранай палітыкі, 36,6 працэнта — узровень жыцця і дабрабыту грамадзян, 18,8 працэнта — развіццё атамнай энергетыкі, 12,7 працэнта — дасягненні ў спорце.