Лукашэнка расказаў аб сваім «залатым дне»

Важное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў інфармацыю, агучаную ў фільме аб яго «залатым дне», што выйшаў у інтэрнэце, дзе расказваецца пра раскошу, у якой жыве кіраўнік беларускай дзяржавы. Аб гэтым ён расказаў 13 сакавіка, адказваючы на пытанні журналістаў пасля ўдзелу ў «Мінскай лыжні», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў хлуслівасць прадстаўленай інфармацыі. Ён сказаў, што яшчэ не глядзеў гэты фільм. «Я пастараюся. Кажуць, вельмі вялікі фільм, доўгі. У мяне столькі часу няма глядзець. Мне далі проста блокамі аналіз, — адзначыў Прэзідэнт. — Я таксама зрабіў вывад, што новага тут нічога няма».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ніколі сабе не дазволіў бы гаварыць адно, а рабіць іншае, паколькі, асабліва ў вачах тых людзей, якія яго падтрымліваюць, выглядаў бы вельмі негатыўна. «Самае страшнае для мяне — абняславіцца перад вамі. Я ніколі не зраблю так, як я не гавару. Калі я сказаў, так павінен і зрабіць. Таму не трэба шукаць. Яны ўзяліся за гэту тэму дарэмна. Гэта калька з фільма пра Пуціна, — адзначыў беларускі лідар. — Палацы там, яшчэ нешта, і ў штаны залезлі ў канцы. Слухайце, ну гэта ўвогуле ўжо непрыстойна. Прытым называюць канкрэтныя прозвішчы, якія не маюць ніякага дачынення, клянуся вам. Навошта?»

Прэзідэнт сказаў, што ўсё ж такі павінен паглядзець фільм цалкам перад тым, як правесці і паказаць у рэальнасці тое, аб чым там расказваюць: «Я павінен вам паказаць. Яны ж прозвішчы называлі, паказвалі нейкія збудаванні. Я проста вас прывяду да сябе дамоў, пакажу гэту лазню, пакажу, дзе дровы сек. У гэтай вёсцы, дзе я жыву».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ніякай раскошы ў тых месцах, дзе ён спыняецца, няма. Напрыклад, на Прыпяці, куды ён звычайна прыязджае вясной. «Там база адпачынку і драўляны дом, дзе Прэзідэнт спыняецца. Адна частка грамадская. Агульная зала вялікая. Мая спальня і дзіцячы пакой. Усё. Ну што гэта, палац? Дык ён жа не мой. Гэта дзяржаўны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Расказаў ён і пра гадзіннік, які фігураваў у фільме: «Ён ужо, напэўна, гадоў 15 гэты гадзіннік. Скажу вам шчыра, яны няхай не перажываюць, гэты гадзіннік мне падарыў Нурсултан Абішавіч Назарбаеў (першы Прэзідэнт Казахстана. — Заўвага БЕЛТА)».

«І наогул адкрываю вам сакрэт: ні адзін Прэзідэнт, я думаю, гадзіннік не купляе, калі не «круты», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён растлумачыў, што на такіх вялікіх мерапрыемствах, як міжнародныя саміты, гаспадар, як правіла, дорыць гасцям тыя ці іншыя падарункі. «Я даручыў, каб іх змясцілі ўсе ў Палацы Незалежнасці ў музеі (падарункі Прэзідэнту паводле закону захоўваюцца ў рэзідэнцыі Прэзідэнта). Там — ад гадзінніка нашага «Луч» (гэта мой першы, яшчэ я кандыдатам у Прэзідэнты быў) да вось гэтага гадзінніка, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Няхай не перажываюць, што нехта заплаціў за гэты гадзіннік. Ну а па цане вы бачылі. Яны перабольшваюць у 10-15 разоў цану і кажуць: ах, як Лукашэнка схільны да золата. Выносіць не магу вось гэту празмернасць».

«Я больш за ўсё перажываў, каб вы, паглядзеўшы, не сказалі: ну а каго мы абараняем? Вось гэта для мяне было самае страшнае», — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца фінансавых сродкаў, Прэзідэнт растлумачыў, што ў яго распараджэнні ёсць так званы непарушны запас, які акумулюецца гадамі, на экстранны выпадак. «Грошы, якія я выкарыстоўваю, ну вось у пандэмію, — урачам трэба даплаціць, тэрмінова лякарствы купіць і іншае. У бюджэце не запланаваны гэтыя грошы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я ніколі сабе не дазволю ўкрасці нешта ў людзей. Таму што я вырас не ў галечы, але ў беднасці страшэннай. І я ведаю цану кожнаму рублю».

Прэзідэнт лічыць, што аўтары фільма дарэмна ўзяліся за гэту тэму, відаць, ад бязвыхаднасці. «Бойцеся гэтых людзей. Вы ж бачыце, як яны кідаюцца на чужую ўласнасць. Вось гэтак яны будуць кіраваць краінай. Яны вось гэтых нашых бізнесменчыкаў, ІТ-шнічкаў і ІП-шнічкаў распрануць на працягу двух гадоў. Хутка. Добра распранулі б ды народу далі — у кішэнь сабе пакладуць, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Яны перапісалі ўжо прадпрыемствы і падзялілі. Не дай бог, мы іх не спынілі б — сёння жылі б у іншай краіне. Вось у чым праблема».

«Нам трэба справай займацца. А пройдзе час — людзі ацэняць», — рэзюмаваў беларускі лідар.