Каманда Прэзідэнта Беларусі перамагла ў эстафеце на «Мінскай лыжні»

Спорт

Каманда Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 13 сакавіка перамагла ў эстафетнай гонцы Рэспубліканскага зімовага спартыўнага свята «Мінская лыжня — 2021», якое прайшло ў РЦАП па зімовых відах спорту «Раўбічы», перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У складзе эстафетнага квартэта разам з кіраўніком дзяржавы, які завяршаў гонку, выступілі Святлана Канашэнка, Людміла Калінчык, Мікалай Лукашэнка.

Другое і трэцяе месца занялі каманды Віцебскага і Брэсцкага аблвыканкамаў.

У эстафеце біятлоннай гонкі 4 па 2 км разам з камандай кіраўніка дзяржавы прынялі ўдзел каманды Адміністрацыі Прэзідэнта, Апарату Савета Міністраў, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, КДК, аблвыканкамаў.

Размаўляючы пасля цырымоніі ўзнагароджання з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка падзяліўся эмоцыямі пасля перамогі сваёй каманды. «Перамагаць заўсёды цяжка. Тым больш калі за табой сочаць, прабачце за нясціпласць, мільёны розных вачэй, — сказаў Прэзідэнт. — Для мяне цяжка, вельмі цяжка. Але людзям добра. Такі мой лёс. Мая задача — рабіць людзям добрае».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на свята прыехала вялікая колькасць балельшчыкаў, усе яны ад душы падтрымлівалі свае каманды. Гэта прыемна, прызнаўся ён, хоць часам і адцягвае ўвагу ад гонкі. «Я падумаў аб тым, што калі будзе гэта стральба, лепш цішыня, чым шум. І нават на фінішы: па свежай трасе фінішуеш (розніца вялікая для лыжніка) і звяртаеш увагу на трыбуны — ледзь не ўпаў там. Таму ўсяляк бывае», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.