Палітычны акцэнт – на рэгіёны:

VI Усебеларускі народны сход

у гарадскім пасёлку Плешчаніцы Лагойскага раёна прайшла дыялогавая пляцоўка з удзелам кіраўніцкага і ідэалагічнага актыву Мінскай вобласці, на якой абмеркавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі на сучасным этапе.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, пракурор Мінскай вобласці Сяргей Хмарук, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Белдзяржуніверсітэта дацэнт Вадзім Гігін, кіраўнікі структурных падраздзяленняў Мінскага аблвыканкама, работнікі ідэалагічнай вертыкалі абласных арганізацый і ўстаноў культуры.

Абмяркоўваючы грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі на сучасным этапе, удзельнікі семінара закранулі пытанне аб абнаўленнях у адміністрацыйным заканадаўстве, якія ўступілі ў сілу 1 сакавіка.

Па словах Сяргея Хмарука, у сувязі з уступленнем у сілу новага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях адбывыецца гуманізацыя адміністрацыйнага заканадаўства. Многія артыкулы Кодэкса цяпер нацэлены не на пакаранне, а на прафілактыку. Каля 90% адміністрацыйных матэрыялаў могуць абмяжоўвацца вусным папярэджаннем з боку ўпаўнаважаных органаў. Але ёсць і асобныя катэгорыі правапарушэнняў, дзе адказнасць стала больш жорсткай. Напрыклад, гэта тычыцца кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення або арганізацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Як паведаміў пракурор Мінскай вобласці, да іх паступаюць розныя звароты, але яны ў большасці звязаны не з грамадска-палітычнай сітуацыяй, а са звычайнай правапрымяняльнай практыкай. Напрыклад, шмат звяртаюцца ў сувязі з прыняццем неабгрунтаваных рашэнняў па матэрыялах праверак.

Пракуроры вывучаюць матэрыялы, даюць сваю ацэнку, адмяняюць незаконныя рашэнні следчых і работнікаў органаў унутраных спраў. Акрамя гэтага, пракуроры вывучаюць і адміністрацыйныя матэрыялы, праверкі па якіх былі спынены ўпаўнаважанымі органамі неабгрунтавана. У такім выпадку пракуратура ўмешваецца ў сітуацыю, адмяняе незаконныя пастановы і патрабуе правядзення належных праверак.

Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін адзначыў: «Калі мы задумвалі ў верасні мінулага года дыялогавыя пляцоўкі, то спадзяваліся, што гэта не кароткачасовая з’ява. Удзельнікі Усебеларускага народнага сходу падтрымалі ідэю, што іх трэба працягваць. Калі раней дыялогавыя пляцоўкі разбіваліся па тэматыках, сёння яны арганізаваны па катэгорыях. У Мінску, напрыклад, ідзе актыўная работа са студэнтамі». У рамках гэтага мерапрыемства закранута рэгіянальная праблематыка. У краіне адбываецца рэгіяналізацыя палітычнага жыцця. «Ці гатовы людзі ў раёне да таго, што ў іх з’явяцца мясцовыя аддзяленні партый, а ў райсавеце – партыйныя прадстаўнікі? Палітыка ідзе ў рэгіёны, і пра гэта трэба ведаць», – кажа Вадзім Гігін.

Са слоў дэкана, сённяшняя сітуацыя добрая тым, што яна дазваляе адкрыта казаць аб праблемах, якія існуюць у краіне. Год народнага адзінства разбурае стэрэатып «бюракратызаванага» чыноўніка. «Кіраўнікі раёнаў адкрываюць у сабе новыя якасці, можна сказаць, разнявольваюцца, і гэта добра. Гэта сведчыць пра тое, што палітычны працэс у Беларусі набывае новую якасць», – падсумаваў Вадзім Гігін.

Член БСЖ, спецыяліст навукова-экспертнай групы пры дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Шпакоўскі ў выступленні закрануў тэму пратэстнага руху ў Беларусі і параўнаў сітуацыю з Расійскай Федэрацыяй.

– Падчас пратэсту з Навальным расіяне сутыкнуліся з тымі ж тэхналогіямі, якія былі выкарыстаны ў Беларусі, – расказаў спікер. – А паколькі былі знаёмыя з сітуацыяй праз медыякрыніцы, многія – нават тыя, хто выступае супраць дзеючай улады, – не захацелі ўлівацца ў гэты працэс у ролі статыстаў і гарматнага мяса. Гэта трэба даносіць нашым грамадзянам, асабліва моладзі. Асноўная надзея ў апазіцыі – на пакаленне Z, а таксама на тых, хто практычна не ахоплены дзяржаўным палітычным парадкам. Я звярнуў увагу на УНС, што сярод удзельнікаў пратэсту колькасць маладых людзей ва ўзросце да 31 года складала 3%, а да 25 гадоў — да 1%. Гэта катэгорыя людзей амаль не глядзіць беларускае і расійскае тэлебачанне. Іх асноўная крыніца інфармацыі – Інтэрнэт і сацсеткі. Плюс сярод іх прасочваюцца высокія іміграцыйныя настроі. 83% маладых людзей, паводле статыстычных даных, жадае эмігрыраваць з Беларусі, маючы пры гэтым скупую інфармацыю і светапоглядную карціну пра жыццё на Захадзе. З гэтым неабходна працаваць, – засяродзіў увагу прысутных Аляксандр Шпакоўскі.

Па матэрыялах сайта МЛЫН.BY