Разам у вясеннім карагодзе

Культура Общество

Спецыялісты дзённых аддзяленняў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (для людзей з інваліднасцю і для людзей пажылога ўзросту) часта аб’ядноўваюць намаганні, каб парадаваць сваіх падапечных і іх сваякоў. Вось і на гэты раз кіраўнікі двух структурных падраздзяленняў Ірына Кавяза і Таццяна Акушка вырашылі сумесна правесці маштабнае свята “Гуканне вясны”.

Сцэнарый творчыя жанчыны напісалі самастойна, а наконт музычнага афармлення звярнуліся да дырэктара РЦК Алены Конаўкі, якая накіравала на дапамогу сацыяльным партнёрам аматарскі калектыў Ракаўскага цэнтра народнай творчасці і брыгаду па агучванні. Пра транспарт для падвозу маладых людзей з інваліднасцю і іх матуль паклапаціліся ў ТЦСАН, ласункі і харчовыя прадукты для арганізацыі святочнага стала даставіў пастаянны спонсар, прадстаўнік дабрачыннай арганізацыі “АДРА” Віктар Субач.

У самым пачатку прысутных вітала дырэктар цэнтра Галіна Рай. Яна адзначыла, што сумесныя масавыя мерапрыемствы, асабліва калі ў аснове іх народныя традыцыі, а дзеянне адбываецца на свежым паветры, абагачаюць удзельнікаў духоўна і фізічна. Галіна Фадзееўна пажадала наведвальнікам цэнтра і сваім падначаленым працягваць актыўную дзейнасць у кірунку творчасці, здаровага ладу жыцця, набыцця карыснага вопыту і ведаў.

 У ролях гаспадароў, якія актыўна кіравалі працэсам, задзейнічалі спецыялістаў Святлану Клімкову і Дзмітрыя Паскробку. Вобраз Зімы паспяхова ўвасобіла Ларыса Ермаловіч. Касцюмы, рэквізіт калектывы аддзяленняў стварылі ўласнымі рукамі, самастойна арганізавалі і святочную прастору. У выніку ў двары сацыяльнай установы было людна і весела.  

Здавалася, вясна і сапраўды адгукаецца на агульны заклік і шчодра дасылае ў Валожын яркія і цёплыя прамяні. У шматлікіх гульнях, танцах, карагодах, сцэнках удзельнічалі арганізатары і госці, разам з артыстамі з Ракава на ўсё наваколле спявалі “вяснянкі” і ўголас клікалі вясну-красну.    

 

Кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла Зімы (эпізод прайшоў пад кантролем РАНС), а затым Гаспадыня, як і прынята на Масленіцу, паклікала ўсіх да святочнага стала. Як жа добра разыходзіліся ласункі з гарачым чаем! Галоўным пачастункам, безумоўна, былі бліны, якія зранку выпякаліся на кухні аддзялення для інвалідаў выхаванцамі і іх выхавальнікамі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара