Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

 

Швачкі Валожынскага дома быту ў дадзены момант працуюць над пашывам 400 маладзёжных вясенніх куртак. Буйны заказ размясціў у Валожыне ІП Казлоў з Мінска, з якім КУП “Валожынскі камбінат бытавога абслугоўвання” мае стасункі не першы год.

Мадэлі сучасных куртак і часткова сыравіну паставіў сам індывідуальны прадпрымальнік, а лякала распрацавала закройшчыца Дома быту І. Таўгень. Увесь працэс ад раскройвання да пашыву вырабаў забяспечвае наш швейны цэх.

У Івянецкім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця аформлены неабходныя дакументы на рэалізацыю сувенірнай прадукцыі. Першыя ўзоры былі рэалізаваны напярэдадні Дня жанчын.

Вырабляюць сувеніры ў швейнай майстэрні, у гуртках “Умелыя ручкі”, “Свет рукадзелля” і іншых. Гэта ручнікі, наборы абрусаў з сурвэткамі, жывапісныя карціны, дошкі для падачы страў, інтэр’ерныя лялькі. З сувенірнай прадукцыяй і цэнамі можна азнаёміцца ў спецыяльна выдадзеных буклетах. З часам асартымент плануюць пашыраць.

12 сакавіка ў раёне працавала здымачная група канала СТБ, так што ў хуткім часе сюжэты з Валожынскага раёна разнастаяць праграму “Міншчына”.

Тэлевізіёншчыкі пабывалі ў лясгасе, дзе здымалі абноўлены машынна-трактарны парк. Запланавана інтэрв’ю з галоўным санітарным урачом раёна П. М. Сарокам і начальнікам РАНС А. І. Сівым. Адразу некалькі сюжэтаў зняты ў Дубіне. Гледачоў пазнаёмяць з былой сталічнай жыхаркай, якая 10 гадоў таму змяніла Мінск на вёску. У ААТ “Агра-Дубінское” Ганна Азарэвіч дарасла да брыгадзіра вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі МТФ “Леснікі” і сёлета занесена на раённую Дошку гонару. Яшчэ адна жыхарка вёскі, настаўніца Ганна Жагунь вядома як удзельніца народнага гурта народнага гумару “Дубінскія фанабэры” і выдатная майстрыха. Вельмі прыемна заўсёды бачыць на блакітным экране нашых землякоў.

З надыходам вясны паступова актывізуецца ад “спячкі” жыццё. Наладжваюцца экскурсіі, канцэрты, спаборніцтвы.

 У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры днямі прымалі два вялікія аўтобусы з экскурсантамі, для якіх фонд “Краіна замкаў” наладзіў свята “Гуканне вясны”. У праграме быў цікавы побытавы сюжэт, звязаны з Івянцом. Шляхціч і местачковец сустракаліся на музейнай тэрыторыі на вуліцы Прамысловай. Народнае свята вельмі спадабалася сталічным гасцям.

 Басейн у Валожыне – дастаткова папулярнае месца, куды спяшаюцца людзі розных узростаў. А прафкамы многіх прадпрыемстваў ужо прызвычаіліся набываць туды абанементы для сваіх работнікаў.

 Традыцыйна аздараўленнем членаў прафсаюза займаюцца райбальніца, Следчы камітэт, некаторыя іншыя. Жылкамунгас, напрыклад, пачынаў з 5-і абанементаў, цяпер набывае 20 на чатыры наведванні ў месяц. Упершыню нядаўна 5 абанементаў набыў “Маладзечна-Водаканал” для работнікаў валожынскага філіяла. Чамусьці не ўвайшло ў традыцыю арганізаванае наведванне басейна для такіх буйных прадпрыемстваў, як ільнокамбінат, лясгас, райаграпрамтэхніка, раённы вузел электрасувязі, івянецкіх калектываў і іншых. Пераканана, што там таксама знайшліся б аматары здаровага ладу жыцця, жадаючыя навучыцца плаваць… А вось у лазні фізкультурна-аздараўленчага комплексу кліентаў становіцца ўсё больш.

Адміністратары амерыканскага партала “Жаночы шарм” прапанавалі нашай зямлячцы з Пугачоў Наталлі Жызнеўскай стаць аўтарам публікацый у сваім выданні.

“Жаночы шарм” – гэта жаночая газета-часопіс, якая выдаецца на рускай мове ў Нью-Ёрку. Там ужо прадстаўлена біяграфія нашай паэткі і яе фатаграфія, а таксама змешчана фота яе першага зборніка вершаў “Не упаду”, надрукаваны 10 вершаў на рускай мове. Дарэчы, Н. Жызнеўская заўсёды з радасцю дае парады калегам, як прапагандаваць сваю творчасць у Інтэрнэце і наладзіць супрацоўніцтва з рознымі парталамі.

Старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў В. А. Субач перадаў для рэабілітацыйна-працоўнай майстэрні “Дамавічок” аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прадукты харчавання – макарону, цукар, алей, муку, чай, зефір.

Пад кіраўніцтвам В. К. Відзевіч юнакі і дзяўчаты вучацца гатаваць простыя стравы, каб у будучым маглі самі сябе абслугоўваць.