Лепшыя ў прафесіі

Общество Ступені поспеху

Падведзены вынікі раённага этапу абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог-псіхолаг года”, мэтай якога з’яўляецца развіццё творчасці і распаўсюджванне найбольш паспяховага псіхолага-педагагічнага вопыту.

 

Праграма складалася з двух этапаў: завочнага, на які неабходна было прадаставіць відэазапіс мерапрыемства і партфоліа, і вочны, дзе адбыліся камп’ютарнае тэсціраванне на веданне нарматыўнай базы і адкрытае псіхалагічнае мерапрыемства ў незнаёмай аўдыторыі.

У другі этап прайшлі пяць канкурсантаў. Гэта педагогі-псіхолагі сярэдняй школы № 2 г. Валожына Аксана Эдуардаўна Віршыч, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” Ніна Уладзіміраўна Супрун, дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. п. Івянец Алена Леанідаўна Варакса, Івянецкай сярэдняй школы Вера Антонаўна Солтан і Гародзькаўскага НПК Алена Вячаславаўна Кучук.

Кампетэнтнаму журы ў складзе намесніка начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Алены Іванаўны Мілюткінай, старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыі Мікалаеўны Камінскай, дырэктара раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Святланы Іванаўны Мучынскай, намесніка загадчыка ракаўскага ясляў-сада “Сонейка” Таццяны Іванаўны Доўнар-Слізскай, псіхолага ТЦСАН Алены Віктараўны Жданюк трэба было вызначыць лепшых, хто прадставіць раён на вобласці.

Падвядзенне вынікаў раённага этапу адбылося ў раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры, куды сабраліся педагогі-псіхолагі ўстаноў адукацыі раёна. Дырэктар СПЦ Святлана Іванаўна Мучынская адзначыла, што педагог-псіхолаг – не проста прафесія, а вобраз мыслення і стыль жыцця, менавіта таму ўсе ўдзельніцы паказалі вельмі высокі ўзровень прафесійнай кампетэнцыі, пацвердзілі, што з’яўляюцца сапраўднымі майстрамі сваёй справы. Яна падзякавала ўсім за работу і вялікую адказнасць.

Абсалютным лідарам раённага этапу стала Аксана Эдуардаўна Віршыч, якая з максімальных 125 балаў набрала 124. Яна на 10 балаў абышла Ніну Уладзіміраўну Супрун. На трэцім месцы аказалася Вера Антонаўна Солтан. Жанчыны адзначылі, што конкурс даў ім магчымасць яшчэ раз падкрэсліць значнасць прафесіі педагога-псіхолага і стаў пэўнай прыступкай у самаразвіцці.

Алена Іванаўна Мілюткіна ўручыла ўзнагароды пераможцам і заўважыла, што нельга пераацаніць ролю псіхолагаў у настаўніцкіх і дзіцячых калектывах. Іх справа не вельмі бачная, але надзвычай неабходная. Ім дадзена і адкрыта больш, чым звычайнаму педагогу, бо даводзіцца працаваць з такой тонкай матэрыяй, як душа.

Анжэла Радына

фота аўтара