Педагагічныя ўніверсітэты

Общество

Пасяджэнне раённай Школы маладога педагога “Крок у прафесію” для спецыялістаў другога года працы ўстаноў адукацыі Валожынскага раёна, прысвечанае падвядзенню вынікаў штогадовага раённага конкурсу “Універсітэты маладога педагога”, было арганізавана на базе сярэдняй школы № 1 г. Валожына.

У арганізацыйны камітэт прадаставілі 17 работ па тэме “Лепшая метадычная распрацоўка вучэбнага занятку”. Праграма мерапрыемства ўключала ў сябе прэзентацыю лепшых матэрыялаў і цырымонію ўзнагароджання. Пераможцам конкурсу стаў настаўнік фізічнай культуры сярэдняй школы № 2 райцэнтра Уладзіслаў Сяргей, лаўрэатамі – настаўнік англійскай мовы гімназіі № 1 г. Валожына Ілона Макарэвіч і кіраўнік фізічнага выхавання Дорскага НПК Дар’я Супрончык. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Камінская і член раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Вера Каранік ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі прызёрам дыпломы і памятныя падарункі.

Кіраўнік раённай Школы маладога педагога Яўгенія Іваноўская дала майстар-клас “Арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў на вучэбных занятках”. Пасяджэнне спрыяла фарміраванню прафесійных кампетэнцый маладых спецыялістаў па адборы зместу і мадэляванні вучэбных заняткаў, развіцці рэфлексіўных здольнасцей і патрэбы ў пастаяннай самаадукацыі.

Анжэла Радына

фота аўтара