Экскурсійны маршрут пастроены

Культура Общество

На Міншчыне вялікая ўвага надаецца адукацыйнаму турызму. Абласны конкурс на лепшую відэавізітоўку і буклет адукацыйных экскурсійных маршрутаў прынёс перамогу калектыву навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах “Камп’ютарная графіка” і “Майстэрня цудаў” цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна.

Сярод 89 камплектаў матэрыялаў, што былі прадстаўлены на заключным этапе конкурсу і складаюцца з відэавізітоўкі і буклета аб адукацыйных экскурсійных маршрутах ад навучэнцаў і педагогаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вышэйназваны калектыў атрымаў Дыплом I ступені ў намінацыі “Лепшы аглядны гарадскі маршрут” у катэгорыі “V-VIII класы”. Кіраўнікамі праекту выступілі метадыст установы Васілій Уладзіміравіч Марзак і педагогі дадатковай адукацыі Валерыя Сяргееўна Клімовіч і Канстанцін Аляксандравіч Вайткевіч.

Відэавізітоўку “Вечна юны, старажытны Валожын!” стварылі вучні восьмага і дзясятага класа Яршэвіцкага НПК Віктар Кульбака і Мікіта Луцкі, тэкст да яе прачытала педагог дадатковай адукацыі Карына Казіміраўна Курушка. Рабяты добра папрацавалі і ў роліку на шэсць з паловай хвілін змаглі паказаць усе самыя гістарычна-значныя аб’екты Валожына.

Першым пунктам відэападарожжа стаў касцёл Святога Юзафа на плошчы горада. Гэты будынак у антычным стылі з’яўляецца самым старэйшым у райцэнтры. У відэа ўзгадваецца, што яго веліччу захапляўся яшчэ Уладзіслаў Сыракомля, калі праязджаў праз Валожын у 1861 годзе. І сёння актуальна гучаць яго словы: “Над прыземленым мястэчкам, якое, здаецца, кленчыць перад яго веліччу, свецяць яго цудоўныя муры. Не ўздымаюцца, а ўзлятаюць у неба яго вежы…”. Непадалёк размясціўся палац Тышкевічаў, што складаецца з двух аднолькавых будынкаў, размешчаных адзін насупраць другога, а побач знаходзілася знакамітая аранжарэя. Палацава-паркавы ансамбль эпохі класіцызму ў Беларусі складае адзінае ў рэспубліцы спалучэнне помнікаў рознай функцыянальнай накіраванасці, якія параўнальна поўна адлюстроўваюць гістарычную эпоху.

На іншым баку плошчы можна ўбачыць ешыбот, які некалі лічыўся своеасаблівай “візітоўкай” Валожына. Дзякуючы яму, мястэчка стала вядомым ва ўсім свеце. Сюды прыязджалі вучыцца з Расіі, Англіі, Сірыі, Аўстрыі, Егіпта і іншых краін.

Расказана ў відэа і пра такі цікавы гістарычны аб’ект, як дзеючы храм Святых Роўнаапостальных Канстанціна і Алены – самая вялікая драўляная царква ў Беларусі, помнік драўлянага дойлідства. Яна была пабудавана ў 1866 годзе на сродкі графа Івана Тышкевіча. Далей ролік запрашае нас у будынак па вуліцы Максіма Горкага, дзе цяпер размяшчаецца музей, а калісьці жыў гарадскі стараста. Не забыліся аўтары ўспомніць і пра тое, што сімвалам нашага раёна з’яўляецца птушка зімародак, выявы якой намаляваны на сценах раённай бібліятэкі і жылога дома новага мікрараёна, а ў гарадскім скверы каля возера размясцілася скульптура гэтай птушкі.

 Відэапрэзентацыя яшчэ раз нагадвае, што Валожын мае багатую і яркую гісторыю, якой неабхона ганарыццы і неабходна вывучаць. Пазнаёміцца з ролікам можна па спасылцы: https://youtu.be/iqdSsI1zRdQ.

Буклет экскурсійнага маршруту “Вечна юны, старажытны Валожын!”, у стварэнні якога прынялі ўдзел Аляксей Болвах і Віктар Кульбака, у маляўнічай, яркай форме прадстаўляе вышэйназваныя архітэктурныя аб’екты нашага горада. Ён стане добрым даведнікам для турыстаў і гасцей, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй малой радзімы.

Старонку падрыхтавала Анжэла Радына