У лес за бярозавікам без парушэнняў!

Общество

Хутка, вельмі хутка пачнецца нарыхтоўка аднаго з самых карысных харчовых прадуктаў, які дорыць чалавеку лес, – бярозавага соку.

Як паведаміў начальнік вытворчага аддзела ДЛГУ “Валожынскі лясгас” Віктар Альшэўскі, аптымальная тэмпература для нарыхтоўкі бярозавіку павінна быць на ўзроўні 5-10 градусаў вышэй за нуль. Калі начныя замаразкі досыць адчувальныя, рух соку спыняецца, як і пры тэмпературы вышэйшай за +10.

Па словах спецыяліста, масавую нарыхтоўку вітаміннага напітку работнікі лясгаса распачнуць прыкладна праз тыдзень. У шэсць лясніцтваў (Валожынскае, Пяршайскае, Ракаўскае, Івянецкае, Багданаўскае і Вішнеўскае) ужо завезены па 500 спецяльных мяшкоў. Супрацоўнікі, якія будуць задзейнічаны на нарыхтоўцы, забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Агульнымі намаганнямі плануецца нарыхтаваць каля 300 тон смачнага і карыснага ляснога дару. Для параўнання: у мінулым годзе супрацоўнікі лясной гаспадаркі сабралі 79 тон.

Пастаўляць валожынскі сок плануецца на Гарадзейскі цукровы камбінат, Мінскі завод безалкагольных напіткаў і ў Мядзельскае ўнітарнае прадпрыемства “Ілаўскае”. Сок па цане 30 капеек за 1 літр могуць набыць і жыхары раёна. Для гэтага ім неабходна звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва з 8.00 да 17.00, перапынак на абед – з 13.00 да 14.00. Вялікія заказы (ад 5 тон) могуць быць дастаўлены транспартам прадпрыемства.

Жыхарам раёна, калі яны плануюць нарыхтоўваць сок самастойна, карыснай будзе інфармацыя адносна абмежаванняў на гэту справу.

Нарыхтоўка дрэўных сокаў забараняецца:

у населеных пунктах;

у дэндралагічных парках, батанічных садах;

у перададзеных ва ўстаноўленым парадку месцах пражывання дзікіх жывёл і росту дзікарослых раслін, якія аднесены да відаў, што ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь;

у межах зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

на тэрыторыі курортаў і арганізацый аховы здароўя, у межах акругоў санітарных зон курортаў;

у месцах масавага адпачынку насельніцтва;

у прыбярэжных палосах водных аб’ектаў, у межах палос адводу чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных камунікацый.

 Згодна з артыкулам 16.19, парушэнне правіл нарыхтоўкі, збору ці закупкі грыбоў, іншых дзікарослых раслін ці іх частак (пункт 1, 2) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях абкладаюцца штрафам:

збор ці нарыхтоўка грыбоў, іншых дзікарослых раслін ці іх частак (пладоў, ягад, насення і інш.), дрэўнага соку на тэрыторыі, дзе такія нарыхтоўкі ці збор забаронены, альбо іх нарыхтоўка ці збор без дакумента на дазвол, калі яго атрыманне абавязковае, ці не ў адпаведнасці з ім – цягнуць накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка – да 100 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – да 500 базавых велічынь;

парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў, прымяненне забароненых сродкаў ці метадаў збору або нарыхтоўкі цягнуць накладанне штрафу па той жа схеме.

 Валянціна КРАЎНЕВІЧ