Запрашае музей

Кругозор Общество

У Валожынскім краязнаўчым музеі працуюць адразу дзве выставы.

На першым паверсе размясцілася выстава экзатычных рэптылій “Джунглі за шклом”. Кожны дзень, акрамя нядзелі, з 8 да 18 гадзін тут можна пазнаёміцца з дзіўным светам дзікай прыроды. Кракадзілавы кайман, разнастайныя віды марскіх, наземных і прэснаводных чарапах, плямісты зублефар, пітоны, удавы і іншыя змеі размясціліся ў дваццаці трох тэрарыумах. Яркія, унікальныя экзэмпляры абавязкова прыцягнуць позірк дзяцей і дарослых.

    Сярэднеазіяцкія і міжземнаморская чарапахі – раслінаедныя. Яны паводзяць сябе вельмі дружалюбна, у адрозенне ад кітайскага трыонікса, кайманавай, чырванавухай мускуснай чарапах.

    Адразу кідаецца ў вочы вялізны тыгровы пітон, даўжыня якога ў прыродзе можа вар’іраваць ад 1,5 да 4 метраў, а вага дасягаць 52 кілаграмаў. Ён добра лазіць па дрэвах і плавае, можа доўга знаходзіцца ў вадзе. Харчуецца дробнымі капытнымі, малпамі, грызунамі, птушкамі. Мясцовыя жыхары часта трымаюць тыгровых пітонаў дома для збаўлення ад пацукоў і мышэй, а таксама з-за разнастайных забабонаў. Уражваюць інданезійскі вадзяны і каралеўскі пітоны, садовы, звычайны і аргенцінскі ўдавы. Разнастайнасцю афарбоўкі адрозніваюцца белы тэхаскі, узорысты, маісавы і іншыя полазы. Каралавыя, чорныя і белыя кольцы робяць сіналойскую малочную змяю, адну з самых яркіх прадстаўнікоў каралеўскіх змеяў, вельмі прыкметнай і прыгожай.

    Кракадзілавы кайман – гэта небуйны алігатар, даўжыня цела дарослых асобін можа дасягаць 2 метраў, а вага ад 7 да 40 кілаграмаў. Асноўная яго ежа: малюскі, прэснаводныя крабы, земнаводныя, невялікія рэптыліі, дробныя млекакормячыя і рыбы.

На другім паверсе працуе выстава-кірмаш “Арт-задумы, свежыя ідэі”, дзе свае работы прадставілі педагогі дадатковай адукацыі і наведвальнікі аб’яднанняў па інтарэсах цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна. Ірына Вацлаваўна Жабко, Канстанцін Аляксандравіч Вайткевіч, Алена Іванаўна Собалева, Святлана Вацлаваўна Кеўра, Марыя Валянцінаўна Кушнір, Вольга Францаўна Радына разам з рабятамі з гурткоў “Свет хобі”, “Майстэрня цудаў”, “Творчы калейдаскоп”, “Вясёлка талентаў”, “Спектр”, “Планета рукадзелля” прапануюць жыхарам і гасцям Валожына падзівіцца на карціны, лялькі, паштоўкі, выпілаваныя вырабы, дзявочыя ўпрыгажэнні, магніты і шмат чаго іншага, што стварылі ўласнымі рукамі.

 

Наведаўшы краязнаўчы музей, можна прыемна правесці час са сваімі блізкімі, пашырыць кругагляд і нават набыць сувеніры ручной работы.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара