ЛЕПШЫЯ ЗНАЎЦЫ ПРАВІЛ ДАРОЖНАГА РУХУ

Закон и порядок Общество

XVI раённая алімпіяда па Правілах дарожнага руху прайшла на базе сярэдняй школы № 2 г. Валожына. Веды і эрудыцыю падчас яе прадэманстравалі каманды вучняў 5-7 класаў з 14 устаноў адукацыі раёна. На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства  поспехаў рабятам пажадаў старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС Вадзім Іванавіч Пасека.

 

Рабяты па чарзе садзіліся за камп’ютары і выконвалі алімпіядныя заданні на веданне ПДР. Было бачна, што хлопчыкі і дзяўчынкі шмат рыхтаваліся, добра адпрацавалі свае навыкі і падчас спаборніцтваў хутка давалі адказы на прапанаваныя дарожныя сітуацыі. Так вучань 5 класа Дорскага НПК Павел Новік рашыў усе дзесяць заданняў за 18 секунд без адзінай памылкі, вучань 6 класа гімназіі № 1 г. Валожына Усевалад Кляпец – за 22 секунды, вучаніца 7 класа Дорскага НПК Софія Новік – за 19 секунд. У індывідуальных выпрабаваннях гэта лепшыя вынікі ў адпаведных узроставых катэгорыях. Усе вышэйназваныя школьнікі атрымалі дыпломы I ступені, і менавіта яны ўвойдуць у зборную каманду, якая прадставіць наш раён на абласным этапе алімпіяды.

Дыпломы II ступені заваявалі пяцікласнік і сямікласніца Івянецкай СШ Ігар і Таміла Зялюткіны, шасцікласнік Пяршайскага НПК Ілля Котаў. Дыпломы III ступені дасталіся пяцікласніку Пугачоўскага НПК Дзмітрыю Вярбіцкаму, шасцікласніку і сямікласніцы Сакаўшчынскага НПК Аляксандру Гарбачэўскаму і Паліне Ганчарык.

Пасля індывідуальных выпрабаванняў адбыліся камандныя. Рабяты разам рашалі на камп’ютарах дарожныя сітуацыі. Вынікі гэтага іспыту залежалі ад многіх складальнікаў, але ў першую чаргу ад умення зладжана дзейнічаць. Тут найлепш праявілі сябе вучні гімназіі № 1 г. Валожына, Дорскага НПК і Івянецкай СШ.

На творчы конкурс каманды прадаставілі відэаролікі па бяспецы дарожнага руху “Калі б я быў інспектарам ДПС”. Журы было няпроста вызначыць з іх лепшыя, бо кожны аказаўся па-свойму цікавым і непаўторным, а значыць, дастойным перамогі. Школьнікі падчас іх стварэння праявілі кемлівасць, знаходлівасць і арыгінальнасць. У выніку 1-е месца заняў ролік каманды Дорскага НПК, 2-е – СШ № 2 г. Валожына, 3-е – Багданаўскага НПК.

Па агульных выніках алімпіяды 1-е месца заваявала каманда Дорскага НПК, 2-е месца прысуджана камандзе гімназіі № 1 г. Валожына, на 3-ю прыступку п’едэстала паднялася каманда Івянецкай СШ.

У свабодны ад алімпіядных заданняў час рабяты наведалі школьны музей, дзе юныя экскурсаводы пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі ўстановы адукацыі Аксаны Іванаўны Пятровіч пазнаёмілі гасцей з мінулым мястэчка Валожын канца XIX-пачатку XX стагоддзя і падзеямі Другой сусветнай вайны, што адбываліся на тэрыторыі нашага раёна.

Падчас урачыстага ўзнагароджання рабяты атрымалі дыпломы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, дыпломы раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ і памятныя падарункі, якія прадаставілі аддзяленне ДАІ Валожынскага РАУС дзякуючы спонсару ААТ “АўтаЗіс”, раённая арганізацыйная структура ДТСААФ, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”. Узнагароды рабяты атрымалі з рук старшага дзяржаўтаінспектара аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС Вадзіма Іванавіча Пасекі, выкладчыка раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Леаніда Міхайлавіча Ембука, прадстаўніка раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Алены Аляксандраўны Касаногавай і метадыста раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярыны Валер’еўны Кароль.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара