Андрэйчанка — моладзі: вы заўсёды павінны быць патрыётамі сваёй краіны

VI Усебеларускі народны сход Молодежный курьер Общество

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка правёў сёння сустрэчу з навучэнскай моладдзю Віцебскай вобласці і ўручыў ім пашпарты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Мне вельмі прыемна сустракацца сёння з вамі як з землякамі, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — Гэта вельмі важны і запамінальны для вас дзень, таму што вы атрымалі галоўны дакумент беларусаў, і, па вялікім рахунку, гэта пуцёўка ў новае жыццё».

Спікер адзначыў, што, нягледзячы на юны ўзрост, у моладзі ўжо шмат поспехаў і дасягненняў. «Дзякуючы ім вы праслаўляеце Віцебскую вобласць, раён, школу і ў цэлым краіну. Важна, каб вы разумелі: у тых поспехах, якія вы дасягнулі, — значная частка працы вашых бацькоў, настаўнікаў і тых людзей, якія знаходзяцца вакол вас. Але большыя перамогі ў вас яшчэ наперадзе», — адзначыў ён.

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў: з боку дзяржавы ўсё зроблена і стартавыя ўмовы для ўсіх аднолькавыя. «Астатняе залежыць ад вас. Закончыце школу, прыйдзеце вучыцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Нехта стане ўрачом, дыпламатам, дэпутатам, нехта будзе ахоўваць нашы дзяржаўныя граніцы, нехта будзе працаваць у сельскай гаспадарцы, сферы інфармацыйных тэхналогій. Лёгка ніколі не было, заўсёды былі цяжкасці. У прынцыпе, у жыцці так усё пабудавана, што нішто не даецца лёгка і проста. Каб нешта мець, усюды трэба прыкласці намаганні, веды і, самае галўонае, стараннасць, настойлівасць і працавітасць», — сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Спікер дадаў, што далейшае развіццё краіны залежыць ад моладзі. «Кім бы вы ні сталі ў далейшым, якія б высокія пасады ні займалі, вы заўсёды павінны быць патрыётамі сваёй зямлі. Вы павінны помніць людзей, з якімі жылі, вучыліся, якія далі вам пуцёўку ў жыццё, каб вы былі сапраўднымі грамадзянамі Беларусі і адстойвалі інтарэсы краіны. Час цяпер няпросты. Кім бы вы ні сталі, важна, каб вы кіраваліся інтарэсамі Беларусі. Вы тут патрэбны. Краіна для вас усё робіць. На гэта нацэлена Канстытуцыя Беларусі. Гэта фундамент прававой сістэмы Беларусі», — канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка.

Навучэнец гімназіі нумар 1 г.Віцебска імя Ж.І.Алфёрава Тарас Паташнікаў лічыць, што атрыманне пашпарта — важны рубеж у жыцці кожнага чалавека. «Для мяне гэта новы этап уваходжання ў дарослае жыццё, дзе з’яўляецца большая адказнасць за ўласны лёс, але таксама і новыя правы. Для мяне атрымаць пашпарт у такой урачыстай абстаноўцы вельмі ганарова. Думаю, што запомню гэты дзень надоўга», — расказаў ён.

Ксенія Шчаўрук вучыцца ў сярэдняй школе нумар 4 горада Чашнікі. «Я лічу, што нам вельмі пашанцавала быць грамадзянамі Беларусі. Дзяржава паклапацілася, каб перад намі былі адкрыты ўсе дарогі, і цяпер наша чарга ўносіць уклад у развіццё краіны. Я думаю, мы будзем горда насіць званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь», — дадала дзяўчына.

Сёння ў Палаце прадстаўнікоў маладыя людзі атрымалі не толькі пашпарт, але і ў падарунак кнігу «Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь». Акрамя таго, для іх была падрыхтавана экскурсія.