Атрымалі пашпарт у Дзень Канстытуцыі

Молодежный курьер Общество

Галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь атрымалі вучні сярэдняй школы №2 г.Валожына Мікіта СТАНКЕВІЧ і Аляксандра СМІРНОВА.

На Валожыншчыне стала добрай традыцыяй 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, праводзіць раённы этап усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”.

Урачыстая цырымонія адбылася на базе гімназіі № 1 г. Валожына. Падчас яе пятнаццаць лепшых вучняў раёна атрымалі пашпарты. Гэтыя рабяты – яркія прадстаўнікі моладзі не толькі Валожыншчыны, але і ўсёй Беларусі. У свае юныя гады яны ўжо многага дасягнулі: выдатных поспехаў у вучобе, высокіх спартыўных вынікаў, перамог у алімпіядах і творчых конкурсах.

Прыемную місію ўручэння галоўнага дакумента грамадзяніна краіны выканалі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун і начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Таццяна Цаюн. З добрымі словамі настаўленняў і пажаданняў да школьнікаў звярнуліся старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Алена Клачко і старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Таццяна Ціганіна. Павіншаваць рабят з такой важнай падзеяй у іх жыцці на мерапрыемства завіталі начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Крыкала, в. а. начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Канановіч, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Уладзімір Ціханоўскі і інш. Яны выказалі юнакам і дзяўчатам пажаданне быць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Акрамя пашпарта, школьнікі атрымалі кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і падарункі ад ГА “Белая Русь”.

Валожынскі краязнаўчы музей прапанаваў прысутным здзейсніць экскурс у гісторыю стварэння пашпарта. З цікавасцю ўдзельнікі цырымоніі прагледзелі фільм пра Валожыншчыну.

У гэты ж дзень у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”, што адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы, сярод юных грамадзян краіны свой галоўны дакумент – пашпарт – атрымаў і вучань 8 класа гімназіі № 1 г. Валожына Даніла Жудрык.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара