Ветэраны ўзброеных сіл па-ранейшаму ў страі

Люди и судьбы Общество

Абаяльнаму мужчыну на фота ўжо споўнілася 67 гадоў. Калі пра гэты факт не будзеш ведаць дакладна, ні за што не здагадаешся. Рухавы, усмешлівы, з цудоўнай постаццю,ён здаецца значна маладзейшым. Звычайна так выглядаюць заўзятыя фізкультурнікі і ваенныя. Перад намі менавіта прадстаўнік Узброеных Сіл, для якога, дарэчы, заняткі спортам заўсёды заставаліся важнай часткай жыцця.

Анатолій Анатольевіч ДАЛБАНОСАЎ – ураджэнец Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці, аднак  хутка споўніцца 50 гадоў, як ён звязаў свой лёс з Валожынам. Яшчэ ў школьныя гады пад уплывам фільмаў і кніг на ваенную тэматыку вырашыў стаць афіцэрам. Разам з сябрамі абмяркоўваў будучую кар’еру, выбіраў навучальную ўстанову, нават займаўся Марзянкай. Але дзве спробы паступлення ў вучылішча аказаліся няўдалымі. Кожны раз не хапала некалькі балаў. Хлопец, дзякуючы жыццярадаснаму характару, не засмучаўся. Наперадзе была тэрміновая служба, а значыць, час, каб яшчэ раз усё добра абдумаць, прыслухацца да  сваіх пачуццяў.

Служыць давялося менавіта ў Валожыне. Вось дзе спатрэбіўся яго талент – літаральна інтуітыўнае адчуванне тэхнікі. Двух гадоў было дастаткова, каб юнак усвядоміў: тое, чым займаецца ў арміі, – яго прызванне. Прапанова прадоўжыць службу ўзрадавала. Пасля была школа прапаршчыкаў і курсы, якія яшчэ больш пашырылі веды і ўменні, далі магчымасць асвоіць найноўшае па тым часе абсталяванне, адчуць сябе сапраўдным спецыялістам.  За многія гады ён прывык пастаянна вучыцца і вучыць іншых, зараз ужо і не ўзгадае, колькі чалавек прайшлі падрыхтоўку пад яго кіраўніцтвам.

У 2002 годзе старшы прапаршчык Далбаносаў звольніўся з воінскай службы, аднак працягвае працу ў якасці прадстаўніка грамадзянскага саставу ў адным з падраздзяленняў часці, дзе займаецца абслугоўваннем і эксплуатацыяй сродкаў аўтаматызацыі. За гады, што звязваюць яго з Валожыншчынай, паспеў стварыць сям’ю, выгадаваць дзяцей, прычакаць унукаў. Ёсць родныя, сябры, аднадумцы, любімая работа. Пакуль не здзейсніліся ўсе мары аб далёкіх падарожжах, але ён ніколі не забудзе вандроўку на Кубу. Трохгадовая камандзіроўка падарыла яркія ўражанні і важкі вопыт. За службу на Востраве Свабоды ў 1986 годзе прадстаўнік воінскай часці 30695 адзначаны медалём “За адзнаку ў воінскай службе” ІІ ступені. Гэта была ўзнагарода саюзнага значэння. А ў 1999 годзе (пасля Югаслаўскіх падзей)  падобную медаль, толькі ўжо за заслугі перад Рэспублікай Беларусь, атрымаў з рук Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Анатолій Анатольевіч шчыра далучае сябе да ліку шчаслівых людзей. Горад, дзе жыве, паспеў палюбіць горача і аддана. З задавальненнем штораніцы крочыць па ім, каб скрупулёзна і натхнёна выконваць работу, якую ведае, так бы мовіць, ад “А” да “Я”. У вольны час дазваляе сабе заняткі, што дораць не менш задавальнення і сапраўдны рэлакс. Любіць веласпорт, часта наведвае лес, чытае прэсу (у тым ліку і наша выданне), займаецца фатаграфіяй.  Як і калісьці ў дзяцінстве, не раўнадушны да добрага кіно, захапляецца літаратурай гістарычнага кшталту. Ці мае куміраў? Хутчэй не, аднак асобы, падобныя да Георгія Жукава, выклікаюць павагу і жаданне ведаць пра іх заслугі перад Радзімай як мага больш.

Два гады таму Анатолій Анатольевіч аўдавеў. Агульная бяда яшчэ больш згуртавала дружную сям’ю. Дочкі Ірына, Рыма, сын Аляксей заўсёды на сувязі з родным чалавекам, а ўнучку Настассю любячы дзядуля ўвогуле лічыць сваім верным сябрам. Менавіта яе падтрымка ў цяжкі час дазволіла засяродзіцца на думцы: “Жыццё, нягледзячы на выпрабаванні, цудоўнае, і яно працягваецца!”

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара