У птушыным царстве – перапалох…

Кругозор

На мінулым тыдні наваколле райцэнтра напоўнілася незвычайным птушыным крыкам. Асабліва выразна гэта адчулі жыхары мікрараёна Папоўка: галашэнні птушак, больш характэрныя для лясных угоддзяў і пушчы, не толькі здзіўлялі пастаяльцаў і прахожых, але нарабілі сапраўдны лямант у “царстве” варон, якія паўнаўладна гаспадарылі тут дзесяцігоддзямі.

Тлумачэнні на гэты конт нам далі ў РУП “Валожынскі жылкамунгас”. На прадпрыемстве паведамілі, што на працягу некалькіх гадоў да іх паступалі звароты грамадзян, незадаволеных пастаянна ўзрастаючай колькасцю варон, якія прыжыліся на дрэвах каля моста на Папоўку. Людзі скардзіліся на несціхаючы моцны гоман птушак, а таксама на запаскуджаныя балконы.

Разглядаліся два варыянты вырашэння пытання. Каб абрэзаць сукі на дрэвах і не даць магчымасць будаваць гнёзды, патрэбна заказваць альпіністаў. Палічылі: у паркавай зоне 102 дрэвы, кошт выкананых работ складзе каля 20 тысяч рублёў. Таму выбар зрабілі ў іншы бок: закупілі спецыяльнае ўстройства для адпуджвання варон, якое даўно выкарыстоўваецца ў сталіцы і іншых рэгіёнах і абышлося ўсяго ў 480 рублёў. Да таго ж ужо мелі карысны вопыт барацьбы з чорнымі гаспадарнікамі – дарэчы, такая назва іх пароду характарызуе як мага лепш. Калі з гэткай жа мэтай абразалі вялікія старыя дрэвы ў раёне райбальніцы, вароны “працавалі” настолькі аператыўна, што замест аднаго знішчанага гнязда за гадзіну будавалі тры новыя!

Гукавы адпуджвальнік варон уяўляе сабой 2 дынамікі з запісам бязладнага шуму мноства галасоў драпежных птушак. Прыбор устанавілі на даху адной са шматпавярховак. Ён уключаецца аўтаматычна ад фотаэлементаў з надыходам светлавога дня і выключаецца, калі пачынае шарэць. Распаўсюджанне птушынага гоману пакрывае плошчу ў 5 гектараў. Дзейнічае толькі на варон – прадухіляе гнездаванне, адкладванне яек і вывад патомства. На іншых птушак не ўплывае.

Камунгасаўцы плануюць адключыць устройства ў сярэдзіне красавіка – тут мяркуюць, што за гэты перыяд сямейства крумкачовых пакіне наседжанае месца і знойдзе для сябе больш спакойны прытулак.

Алена ЗАЛЕСКАЯ