Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

 

Сваё 60-годдзе наш зямляк Юрый Іосіфавіч Міхонскі адзначыў творчым вечерам у сталічным Доме літаратараў. У мінулую пятніцу, 12 сакавіка, павіншаваць віноўніка ўрачыстасці сабраліся сваякі, землякі, суседзі, сябры, былыя і цяперашнія калегі. Самы галоўны падарунак юбіляр зрабіў сабе сам – выдаўшы тры кнігі. Менавіта ў той вечар прадстаўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі ўручыў Ю. І. Міхонскаму членскі білет творчага саюза.

Аўтарскі вечар, які працягваўся каля трох гадзін, вялі дыктары беларускага тэлебачання Павел Лазовік і Алена Міхалоўская. Са сцэны прагучалі 32 песні, напісаныя на словы юбіляра. Адкрыў праграму вядомы спявак Уладзімір Ухцінскі, працягвалі Мішэль, Альберт Скараход, Святлана Селівон, Ірына Смольская і Ігар Аксюта, іншыя выканаўцы. А ў завяршэнне выйшлі дзве прыгажуні-ўнучкі – Міраслава і Валерыя Дуброўскія, якія выканалі песню “Мой котенок”. Песні, якія бяруць за душу, пранікаюць у самае сэрца, аб’ядналі ў той дзень самых розных людзей, стварылі добрасардэчную атмасферу ў зале. Там, дарэчы, практычна не было пустых месцаў, людзі стаялі нават у праходзе. Народны артыст Беларусі Эдуард Ханок уручыў нашаму земляку сваю кнігу з аўтографам і добра выказаўся пра яго творчасць. Ведаю шмат людзей, якія па розных прычынах не змаглі трапіць на тую вечарыну ў Мінск, і выказваю агульнае спадзяванне, што, магчыма, Юрый Іосіфавіч паўторыць праграму ў Валожыне, непасрэдна для сваіх землякоў, якія яго добра памятаюць.

Зараз у Уздзенскай санаторнай школе без адрыву ад вучобы папраўляюць здароўе некалькі вучняў з устаноў адукацыі нашага раёна.

На змену, якая будзе доўжыцца з 19 сакавіка па 8 красавіка, заехалі 5 вучняў Івянецкай СШ: тры пяцікласнікі, па аднаму васьмікласніку і дзевяцікласніку, а таксама па аднаму вучню 9 класа СШ № 2 райцэнтра і Дорскага ВПК.

Многія працоўныя калектывы ў дадзены момант перажываюць не лепшыя часы. Колькасць кліентаў, эканамічныя паказчыкі зменшыліся ў сувязі з інфекцыйнай абстаноўкай. Але паціху жыццё вяртаецца “на кругі свае”.

Паслугамі пральні раённага камбіната бытавога абслугоўвання карыстаюцца воінская часць 30695, якая некаторы час мыла бялізну ў іншым месцы, дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй, гасцініца і рэстаран “Карона”, цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і некаторыя іншыя калектывы, а таксама жыхары горада і раёна. Аднак у сувязі з нестабільнай эканамічнай абстаноўкай з красавіка пральня пераходзіць на новы графік работы: з аўторка па чацвер. А далей пажывём – пабачым.

Папоўнілася калекцыя шкла савецкага перыяду Івянецкага музея традыцыйнай культуры.

 Жыхарка гарадскога пасёлка Яніна Іванаўна Капуста перадала музею рэчы, якімі раней карысталіся ў яе сям’і ў паўсядзённым жыцці, – падшклянкі са шклянкамі, вазы для садавіны, падстаўкі для тартоў, бутэлькі цікавай формы. У музейнай калекцыі, дарэчы, ёсць цікавыя экзэмпляры шклянога посуду канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Цяпер яна стала больш разнастайнай.

Валанцёрскі клуб “Слон” Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў – даўні сябар выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Кіруе атрадам Анжаліка Бойка. Студэнты мяняюцца, а дружба застаецца.

Сустрэча на гэты раз праходзіла на свежым паветры – на гульнявой пляцоўцы. Студэнты падрыхтавалі для дзяцей спартыўную праграму. А потым усе разам сабраліся за сталом, дзе пілі чай і іншыя напіткі з ласункамі і фруктамі, прывезенымі гасцямі.

У канцэртнай праграме спартыўнага свята “Мінская лыжня-2020” прымаў удзел народны гурт народнай песні “Сваякі” нашага Цэнтра культуры.

А гонар весці праграму выпаў першаму сакратару РК БРСМ Уладзіміру Ціханоўскаму.

13 сакавіка работнікаў Сакаўшчынскага СДК запрасілі выступіць у аграсядзібе “Бярозавы Двор”.

Там культработнікі ладзілі абрадавае свята “Масленіца” для адпачываючых, прадстаўнікоў Беларускай чыгункі. Мінскія госці не хацелі адпускаць самадзейных артыстаў, якія арганізавалі для іх гульні, напомнілі традыцыі продкаў. А яшчэ далі майстар-клас па народных танцах.