Зроблена ў Валожыне

Общество

На Валожынскім вытворчым участку ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” выпусцілі 7 новых відаў паўцвёрдых сыроў.

Як расказалі на прадпрыемстве, вытворчасць прадукцыі наладжана пад заказ расійскіх кліентаў, згодна з іх дакументацыяй. У нас ажыццяўляецца толькі выраб, таму ў продажы на айчынным рынку навінкі мы не ўбачым – гэта выключна экспартны варыянт. Заказчыкам дадзены і досыць цікавыя, можна сказаць, казачныя назвы сыроў: “Ізумрудны замак”, “Каралеўскі гасцінец”, “Феадал”, “Царскі загад”, “Залаты церамок”, “Зімовая кадрыля”, “Маасдам”.

Галоўная іх асаблівасць – розныя смакі: з водарам вяршкоў, са смакам адтопленага малака. А таксама форма: у выглядзе кубіка памерам 12,5х12,5 сантыметра вагой каля паўтара кілаграма.

Сыры адносяцца да групы паўцвёрдых сыроў 45-працэнтнай тлустасці з перыядам выспявання 30 сутак. А вось галандскаму далікатэсу швейцарскай групы “Маасдам” да поўнай гатоўнасці патрэбна 40 сутак: яго пазнаюць па гладкім, далікатным мякішы, здзіраваным буйнымі дзіркамі дыяметрам 1-5 сантыметраў. Яны з’яўляюцца натуральным шляхам, дзякуючы спецыяльным бактэрыям, якія ўздзейнічаюць не толькі на тэкстуру прадукту, але і на яго смак.

Пакуль закладзена толькі пробная партыя – па 1 тоне кожнага віду. Будзем спадзявацца, што тавар з маркай “Зроблена ў Валожыне” прыйдзецца даспадобы расійскім пакупнікам, і выпуск гэтай малочнай прадукцыі для суседняй рэспублікі на нашым масласырзаводзе наладзіцца на пастаяннай аснове. Бо якасць і надзейнасць заўсёды вылучаюць мясцовых вытворцаў.

Таксама на прадпрыемстве паведамілі, што ў лютым адгрузілі пробныя партыі сухога абястлушчанага малака ў Егіпет і В’етнам – па 25 тон у кожную краіну.

Алена ЗАЛЕСКАЯ