Якасць работы пастаянна расце

Общество

Калектыў Івянецкага аддзялення Валожынскага ўчастка паштовай сувязі стараецца як мага паўней задаволіць попыт тых, хто карыстаецца паслугамі арганізацыі. З гэтай мэтай дружная каманда супрацоўнікаў (сем чалавек) трымае пастанны кантакт са сваімі кліентамі. Вопытныя прафесіяналы валодаюць інфармацыяй адносна густаў аматараў перыядычнага друку. Ведаюць, якім выданням аддаюць перавагу, якія тавары карыстаюцца значнай папулярнасцю і што за паслугі часцей аказваюцца запатрабаванымі ў розных узроставых груп насельніцтва гарадскога пасёлка.

Загадчык аддзялення Марына Чаславаўна Нелюб, намеснік загадчыка Святлана Леанідаўна Кажэвіна і спецыяліст Ганна Віктараўна Мярзлікіна прыкладваюць значныя намаганні, каб стварыць для наведвальнікаў аддзялення найбольш спрыяльныя ўмовы, аператыўна даводзяць неабходную інфармацыю, робяць працэс абслугоўвання хуткім і якасным. У гэты час паштальёны ветэран працы Алена Францаўна Юхневіч, Валянціна Валер’еўна Кужоўнік і Юзефа Іванаўна Мароз, незважаючы на надвор’е і іншыя акалічнасці, крочаць знаёмымі маршрутамі, каб своечасова даставіць івянчанам пенсіі, газеты, часопісы, лісты і паштоўкі. Нават у складаны перыяд пандэміі каранавісуса, якая не прайшла міма супрацоўнікаў аддзялення, імкнуцца мабілізаваць усе сілы, каб не дапусціць затрымак у рабоце. За чысціню і парадак у памяшканні аддзялення працяглы час адказвае Алена Канстанцінаўна Плотнік. Дзякуючы яе намаганням, пераступіць парог арганізацыі прыемна ў любы час.

Як адзначае былы начальнік раённага вузла паштовай сувязі, зараз ужо начальнік Маладзечанскага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Людміла Леанідаўна Шаўрэй, ёсць усе падставы лічыць, што івянецкія паштавікі – адны з лепшых у раёне. Якасць іх работы па ўсіх кірунках пастаянна расце.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара