Ні церняў, ні зорак. Проста жыццё…

Люди и судьбы

У малых гарадах, у адрозненне ад вялікіх, маюцца адметныя асаблівасці. Па-першае, тут, як кажуць, нічога не схаваеш –  любы факт амаль імгненна разлятаецца па наваколлі. Па-другое, людзі ведаюць адзін аднаго, таму тэма рэпутацыі, асабліва для тых, хто ёй даражыць, вельмі важная.

Наш сённяшні герой – чалавек на Валожыншчыне вядомы. Менавіта з ім і з камандай, якую ўзначальвае, часта звязваем надзеі і спадзяванні, калі прыхопіць сэрца, ці падскочыць ціск, ці, не дай Бог, разаўецца пнеўманія…  Нават калі самі на здароўе не скардзімся, то хварэюць сваякі, сябры, калегі… І тады дапамогу знаходзім у тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы. А менавіта там у якасці загадчыка нясе нялёгкую медыцынскую службу Уладзімір Вадзімавіч ЛУШЧЫЦКІ.

 – Уладзімір Вадзімавіч, шчырае дзякуй за тое, што знайшлі час для сустрэчы. Упэўнена, нашы чытачы будуць рады бачыць любімага доктара на старонцы раёнкі.

– І я рады адгукнуцца на запрашэнне. Паверце, з павагай стаўлюся як да прэсы, так і да яе аматараў. Тым больш, сярод іх мноства маіх пацыентаў. “Працоўнай славе” ўдзячны за тое, што дапамагае нам, медыкам, выконваць адну з важнейшых задач – даводзіць да людзей неабходную інфармацыю, у тым ліку і адносна прафілактыкі розных захворванняў.

– Ведаю, Вы – чалавек прыезджы. Наколькі важным лічыце ўздзеянне на ўласную асобу той зямлі, дзе нарадзіліся, выраслі? Як адчуваеце сябе ў нашым краі?

–  Я з Пінска. Гэта прыгожы горад, дзе жывуць такія ж прыемныя, як і па ўсёй Беларусі, людзі. Безумоўна, родныя мясціны – назаўсёды ў маім сэрцы. Але ж 25 гадоў у Валожыне зрабілі мяне стапрацэнтным мясцовым жыхаром. Дарэчы, менавіта зямля, на якую прыбыў ужо дарослым, зблізіла з роднай мовай. На малой радзіме вучыўся ў рускамоўнай школе. І дома бацькі размаўлялі па-руску. Валожынскі дыялект, у адрозненне ад палескага, амаль адразу стаў блізкім і зразумелым. Вельмі люблю і паважаю беларускую мову, лічу яе роднай і моцна шкадую, што з-за адсутнасці ў сваім акружэнні людзей, якія гавораць чыста, не магу актыўна ёй карыстацца. Планую калі-небудзь, на пенсіі, абавязкова зрабіць рывок у гэтым кірунку. І абавязкова перачытаць усяго Караткевіча.

–  Родныя паўплывалі на Ваша прафесійнае самавызначэнне?

– Прадаўжальнікам медыцынскай дынастыі не з’яўляюся. Бацька – ваенны. Матуля працавала бухгалтарам у ДТСААФ. У Пінску знаходзілася вучэбная база марскога флоту. Я нейкі час марыў стаць мараком, аднак па прычынах здароўя даволі рана развітаўся з гэтай ідэяй. Як дайшоў да планаў вывучыцца на ўрача, зараз і не ўзгадаю. Аднак помню, што ў апошніх класах школы прачытаў дзве кнігі. Менавіта яны з неакрэсленых ідэй сфарміравалі цвёрдую ўпэўненасць: медыцына і толькі медыцына. Шчыра раю тым, хто трызніць прафесіяй урача, пачытаць “Чалавек сярод людзей” акадэміка Фёдара Углова і “Думкі ў дарозе” Станіслава Далецкага.

– Аднойчы Вы мне ўжо расказвалі, што да паступлення ў медінстытут працавалі санітарам. Той вопыт прынёс карысць?

  – Любы вопыт каштоўны. Мой на тым этапе – таксама. Я сапраўды не змог паступіць у год, калі скончыў школу. З-за захворвання не здаў своечасова экзамены. Рашэнне папрактыкавацца ў хірургічным аддзяленні Пінскай райбальніцы прыняў самастойна. Бацькі не спрабавалі мяне адгаварыць, і я ім вельмі за гэта ўдзячны. Нягледзячы ні на што, на першым курсе мне, як і аднакурснікам, было цяжка. Але хаця б быў упэўнены: крыві не баюся, грэблівасці не адчуваю, з людзьмі размаўляць умею. Да таго ж высветлілася – досыць цярплівы.

–  Хоць і ў якасці санітара пачалі ў хірургіі, не разглядалі магчымасць паглыбіцца ў яе па-сапраўднаму?

 –  Асабліва не разглядаў. Увогуле з кірункам вызначыўся толькі ў працэсе вучобы. Думаю, пры жаданні і магчымасці змог бы авалодаць многімі медыцынскімі спецыяльнасцямі. Цвёрда ведаю: ніколі б не стаў акулістам (не пытайце чаму, проста гэта мацней за мяне) і псіхіятрам (прафесія для касмічнага інтэлекту).  Не змог бы працаваць і ў паліклініцы.Вось стацыянар – сапраўды маё.

– У медуніверсітэтах падчас вывучэння латыні студэнты запамінаюць афарызмы і прыказкі на гэтай мове. У Вас ёсць любімыя – тыя, што сталі жыццёвым ці прафесійным крэда?

– А як жа! Experentia est optima magistra. Вопыт – лепшы настаўнік. Не ведаю, як у іншых галінах, а ў медыцыне гэта цудоўна працуе. Якім бы добрым, сапраўдным выдатнікам не быў студэнт, без практычнай дзейнасці пад кіраўніцтвам вопытных калег ён ніколі не зможа стаць ні дыягностам, ні лячэбнікам. Я, напрыклад, шчыра ўдзячны тым карыфеям, якія ў свой час мяне падтрымалі. Душой і сэрцам адданы камандзе райбальніцы, у складзе якой працую зараз. Стараюся ўлічваць думку кожнага спецыяліста, дапамагаць навічкам. Дарэчы, маладых патрэбна не толькі вучыць, у іх можна і самому вучыцца. Падыходы да падрыхтоўкі ўрачоў пастаянна мяняюцца, інтэрн можа быць у нейкіх пытаннях больш дасведчаным, чым шматвопытны загадчык аддзялення.

– Самі ўласны шлях у медыцыне ацэньваеце як лёгкі, ці знакамітыя “церні” ўсё ж давялося параадольваць?

  – Праз церні да зорак… Яшчэ адзін з выразаў, што назаўсёды ўрэзаўся ў памяць. Гучыць прыгожа. Але якія церні? Якія зоркі? Справа ж не ў тым, як у прафесію прыйсці, а як у ёй існаваць. У пэўным сенсе ўрачэбная дзейнасць – бясконцая вайна. Ёсць ты і твой вораг – захворванне. А пацыент… Ён можа і не на твой бок стаць. І гэта ўжо сумна. Таму наша задача – перш, чым прыступіць да лячэння, заахвоціць, «заразіць» чалавека абавязковым выздараўленнем. Уся праца – на пераадоленне.

–  Ваша жонка – урач. Сын выбраў медыцыну. Нявестка, наколькі мне вядома, таксама. Не зашмат медыкаў у адной сям’і? Сустрэчы за святочным сталом не ператвараюцца ў бясконцы кансіліум?

– Спакойна стаўлюся да прафесіі блізкіх. Гэта не планавалася, так распарадзіўся лёс. А з жонкай пазнаёміўся ў інстытуце. Дарэчы, менавіта з-за яе (мела накіраванне ад Валожынскай  ЦРБ) я і апынуўся  ў Валожыне. Іронія лёсу ў тым, што другая палавінка сына аказалася родам з Палесся, адкуль і я. Што да прафесійных тэм дома, калі-нікалі яны ўзнікаюць, аднак стараемся ў сямейным коле ў асноўным займацца хатнімі справамі, адпачываць, перазагружацца.

– Чым, акрамя медыцыны, цікавіцца доктар Лушчыцкі? Што ўмее? Чаму збіраецца навучыцца?

– У мяне прыватны дом, пры ім участак. Усё, што патрэбна для яго ўтрымання, раблю сам. Ціхія клопаты даюць добры адпачынак. Нейкіх асаблівых талентаў, хобі не маю. Хацеў бы штосьці майстраваць, але пакуль не знаходжу часу. Многія ідэі адкладваю на перыяд заслужанага адпачынку.

–   Калі ў Вашых руках аказваецца кніга, часцей за ўсё аб чым яна?

–  Чытаю шмат, але ўсё больш медыцынскія навінкі. Інтэрнэт даўно прыйшоў на дапамогу доктару, які не хоча спыняцца ў прафесійным развіцці. Што тычыцца чытання для душы, выбіраю ў асноўным тэму антрапалогіі. Чым больш паглыбляешся ў пытанні: “Хто такія мы? Адкуль,  куды  і для чаго рухаемся? Якое маем устройства?” – тым ясней усведамляеш: чалавек не проста жменя гліны – сапраўдны сусвет.

– Кожны з нас мае здароўе, якое заслугоўвае… Можаце падпісацца пад гэтым сцвярджэннем?

– Магу, але ўсё ж дадаў бы “часцей за ўсё”. Не трэба забываць пра генетыку, бо з ёй спрачацца цяжка. Ды і выпадак…

– А самі заклапочаны ўласным здароўем? Калі даводзіцца прыхварэць, у якасці пацыента радуеце дактароў?

– Шчыра скажу: многае з неабходнага для захавання здароўя раблю, але толькі ў рамках таго часу, які маю. Мару больш актыўна займацца спортам, плаваннем, напрыклад. Калісьці захапляўся веславаннем. А неабходныя назначэнні для сябе раблю самастойна. І дакладна іх выконваю.

–  У бягучым годзе мне давялося даволі актыўна пісаць на тэму каранавіруса. Таму, даруйце, размаўляць з урачом, які займаецца яго лячэннем, і не запытаць пра гэта, не магу. Што нас чакае?

–  Ужо двойчы адпрацаваў у часовым шпіталі, перахварэў сам. Вопыт, канешне, атрыманы каштоўны, але пра тое, што будзе з гэтай праблемай далей, пакуль, на жаль, не ведаю. Ды і ніхто не ведае. Галоўнае зараз – не прагнозы, а настрой на годнае жыццё з улікам COVID-19.

– Кажуць, прырода нічога не нараджае без прычыны…

– Відавочна, так. Вірус добра падкарэкціраваў наша жыццё, тут не паспрачаешся. Магчыма, чалавецтва зробіць добрыя высновы адносна ладу жыцця.

– Каб мелі магчымасць адначасова выйсці на сувязь з усімі жыхарамі Валожыншчыны, што б пажадалі ім ці параілі, а можа папрасілі б?

– Папрасіў бы. Беражыце сябе і тых, хто побач!

  – Уладзімір Вадзімавіч, поспеху Вам і выключнага здароўя. Дзякуй за шчырасць!

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ