Электрабяспека падчас палявых работ

Важное

З прыходам вясны на прадпрыемствах сельскагаспадарчай галіны пачаўся сезон правядзення работ, неабходных для атрымання новага ўраджаю.

Вывозяцца арганічныя і мінеральныя ўгнаенні, выходзяць у палі сеялкі і іншая тэхніка. Часта работы праводзяцца ў ахоўных зонах ліній электраперадач або непасрэдна пад імі. У сувязі з гэтым не лішнім будзе нагадаць патрабаванні электрабяспекі.

З мэтай прадухілення няшчасных выпадкаў забараняецца:

– працаваць у пралётах ВЛ, якія маюць абарваныя правады, а таксама набліжацца да апораў з абарванымі правадамі на адлегласць менш за 20 метраў;

– набліжацца да апораў ліній электраперадачы ВЛ 6-35 кВ, дзе назіраецца дугавое замыканне (гарыць дуга), на адлегласць менш за 20 метраў;

– набліжацца да абарваных правадоў на адлегласць менш за 20 метраў;

– падымаць з зямлі або з абсталявання (машыны) абарваныя правады і спрабаваць самастойна зняць провад з абсталявання (машыны);

– дакранацца да апораў, залазіць на іх ці прывязваць да іх жывёл;

– знаходзіцца па-за кабінай і выконваць рамонтныя работы на сельскагаспадарчых машынах пры працы ў ахоўнай зоне ліній электраперадачы.

 Каб пазбегнуць выпадкаў паражэння электрычным токам, на кожным сельгаспрадпрыемстве павінен быць выкананы шэраг мерапрыемстваў па арганізацыі эксплуатацыі электрагаспадаркі ў перыяд пасяўной:

– загадам па гаспадарцы павінна быць прызначана асоба, адказная за электрагаспадарку;

– персанал, які абслугоўвае электраўстаноўкі, павінен быць забяспечаны выпрабаванымі ахоўнымі сродкамі і інструментам;

– з неэлектратэхнічным персаналам, які ў працэсе сваёй дзейнасці можа быць падвергнуты ўздзеянню электрычнага току, павінен быць праведзены інструктаж па электрабяспецы;

– да працы на электраабсталяванні могуць быць дапушчаны толькі асобы, што прайшлі праверку ведаў па ахове працы пры працы ў электраўстаноўках.

Парушэнне правіл аховы электрычных сетак Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з арт. 21.2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях цягне за сабой папярэджанне або накладанне штрафу.

Уладзімір МАКЕЙ,

інспектар Валожынскай

Энергагазінспекцыі