Пазбегнуць няшчасных выпадкаў

Важное

Штогод ад паражэння электрычным токам гінуць людзі. Большасць няшчасных выпадкаў адбываецца ад невыканання або няведання элементарных правіл электрабяспекі.

Кожны дарослы разумее, колькі відавочных і схаваных небяспек чакае дзяцей на вуліцы, дома і ў любым іншым месцы. На жаль, мы не можам пастаянна знаходзіцца побач, таму неабходна навучыць іх элементарным правілам бяспекі. Крыўдна, калі прычынай трагічнай выпадковасці становяцца элементарныя пяць хвілін, якія не былі адведзены дзецям настаўнікамі або іх бацькамі. Кожнаму непаўналетняму неабходна вывучыць і строга выконваць правілы электрабяспекі, патрабаваць іх захавання ад таварышаў.

Мы настолькі прывыклі да электрычнасці, што нярэдка забываем пра небяспеку, якую яна ў сабе ўтойвае. Калі азірнуцца навокал, то ўбачым уздоўж дарог апоры высакавольтных ліній электраперадачы, правады асвятляльных ліхтароў. А колькі кабеляў закапана ў зямлі, можна толькі здагадвацца. Сучасная вуліца літаральна напоўнена рознага роду электрычнымі сеткамі і ўстаноўкамі.

Запомніце: смяротна небяспечна дакранацца ці нават набліжацца да абарваных правадоў, якія вісяць або ляжаць на зямлі. Удар токам можна атрымаць і ў некалькіх метрах ад проваду за кошт крокавага напружання. Таму варта лічыць, што любы провад або электрапрыбор знаходзяцца пад напругай. Нават калі да гэтага яго чапалі два дзясяткі чалавек. А раптам менавіта ў час, калі дзіця ўзяло яго ў рукі, хтосьці за некалькі метраў ад яго ўключыў рубільнік? Калі ўсё ж чалавек трапіў у зону крокавага напружання, нельга адрываць падэшвы ад паверхні зямлі. Перасоўвацца варта ў бок аддалення ад проваду гусіным крокам. Убачыўшы абарваны провад, які ляжыць на зямлі, ні ў якім разе не набліжайцеся да яго на адлегласці бліжэй за 8 метраў.

 Растлумачце дзецям, што смяротна небяспечна залазіць на апоры высакавольтных ліній электраперадачы, гуляць пад імі, разводзіць вогнішчы, разбіваць ізалятары на апорах, рабіць на правады накіды дроту і іншых прадметаў, запускаць пад правадамі паветраных змеяў. Калі вы ўбачылі абарваны провад, незачыненыя або пашкоджаныя дзверы трансфарматарных будак або электрычных шчытоў, нічога не чапайце і неадкладна паведаміце спецыялістам.

 Смяротна небяспечна адкрываць лесвічныя электрашчыты, якія знаходзяцца ў пад’ездах дамоў, залазіць на дахі дамоў і будынкаў, дзе паблізу праходзяць электрычныя правады, заходзіць у трансфарматарныя будкі, электрашчытавыя і іншыя электратэхнічныя памяшканні, чапаць рукамі электраабсталяванне, правады.

Улетку, у паходзе альбо на рыбалцы, небяспечна спыняцца на адпачынак паблізу паветраных ліній электраперадачы альбо падстанцый і рыбачыць пад правадамі лініі электраперадачы. Калі знаходзіцеся ў лесе, ля ракі, не падключайце магнітафоны, прыёмнікі да паветранай лініі. Скарыстайцеся запасным камплектам батарэек. Захаванне гэтых простых правіл дапаможа пазбегнуць бяды.

Аварыйную службу Валожынскага раёна электрычных сетак можна выклікаць па тэлефоне 55347.

РУП “Мінскэнерга” філіял

“Маладзечанскія электрычныя сеткі” Валожынскі РЭС