Лукашэнка наведвае Гродзенскую вобласць, яго чакаюць на прадпрыемстве «Малочны свет»

Важное Главное

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка робіць сёння рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы наведаў малочнатаварны комплекс «Абухава» сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва імя І.П. Сянько. Яму далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці і раёна, асноўных напрамках дзейнасці СВК. На МТК «Абухава» Прэзідэнт таксама азнаёміўся з вытворчымі працэсамі.

Аляксандра Лукашэнку чакаюць і на «Малочным свеце». Яму даложаць аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці і перспектывах прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы наведае некалькі вытворчых участкаў, дзе азнаёміцца з сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі малака і вытворчасці сыру, і выстаўку мясцовай прадукцыі. Плануецца, што Прэзідэнт таксама сустрэнецца з працоўным калектывам прадпрыемства.

СВК «Абухава» сфарміравалася на базе дробных калектыўных гаспадарак у 1950 годзе. 66 членаў прадпрыемства ўдастоены высокіх урадавых узнагарод, некаторыя атрымалі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Усяго ў кааператыве працуюць звыш 600 чалавек.

Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў СВК «Абухава» больш як 7,3 тыс. га. У гаспадарцы ёсць цэхі раслінаводства, жывёлагадоўлі, механізацыі, будаўніцтва. Асноўнымі галінамі гаспадаркі з’яўляюцца земляробства і жывёлагадоўля.

ААТ «Малочны свет» — гэта былы Гродзенскі гарадскі малочны камбінат. Ён быў арганізаваны ў 1938 годзе, у лістападзе 1996-га пераўтвораны ў ААТ «Гродна Малкамбінат», а ў 2007-м па рашэнні адміністрацыі СЭЗ «Гроднаінвест» перайменаваны ў ААТ «Малочны свет». Больш за 91 працэнт акцый прадпрыемства належыць дзяржаве.

На «Малочным свеце» працуюць звыш 1,9 тыс. чалавек. Тут займаюцца перапрацоўкай малака, вытворчасцю і рэалізацыяй прадуктаў харчавання, паглыбленай перапрацоўкай другаснай сыравіны. Сыравінная зона прадпрыемства складаецца з 53 гаспадарак у васьмі раёнах вобласці.

Выручка ад продажу прадукцыі на «Малочным свеце» (з улікам усіх філіялаў) у мінулым годзе склала Br631 млн, павялічыўшыся ў параўнанні з 2019 годам амаль на 90 працэнтаў. Прыбытак дасягнуў Br61,5 млн (рост на 33,5 працэнта), рэнтабельнасць продажаў — 13,8 працэнта.

Прадукцыя «Малочнага свету» пастаўляецца ў Расію, Кітай, Украіну, Азербайджан, Малдову, Сербію, Казахстан, ААЭ, Грузію, Узбекістан, В’етнам, Іарданію, Арменію, Сінгапур і іншыя краіны.

У планах у прадпрыемства на гэты год — завяршыць мадэрнізацыю тварожнага цэха з аб’ёмам перапрацоўкі 144 т малака ў суткі і 21 т у суткі гатовага прадукту. Праектуецца таксама комплекс па сушцы сыроваткі, запланавана мадэрнізацыя асноўнага адміністрацыйнага будынка і будаўніцтва лагістычнага комплексу на тэрыторыі 5 га. Акрамя таго, вядуцца работы ў Дзятлаўскім і Шчучынскім філіялах.