САЛОДКАЕ І ГОРКАЕ ВІНО Ў КЕЛІХУ ІХ ЖЫЦЦЯ…

Официально

Сёлета да пацерак гадоў гэтай сямейнай пары дабавілася яшчэ адна “бусінка” пражытага. Прычым яна досыць адметная: летам муж і жонка справілі залатое вяселле. Можа б у сілу занадта вялікай сціпласці свайго характару і пакінулі яны гэты факт біяграфіі без лішняй “агалоскі”, але акурат ладзілася свята вёсак Бабровічы і Саланая, у апошняй яны, дарэчы, і жывуць. Таму абысці ўвагай гэтых працавітых людзей арганізатары ўрачыстасці ніяк не маглі… 

Д. М. і С. П. Унучакі заслужылі павагу сваёй выключнай стараннасцю. Дзмітрый Максімавіч сорак гадоў працаваў на  гусенічным трактары – “цяжкай тэхніцы” – як ён сам ацэньвае тую  прафесіянальную нагрузку. Ён небеспадстаўна ганарыцца, што менавіта яму некалі выпаў шанц атрымаць для тагачаснага калгаса імя Якуба Коласа першы трактар – “ДТ-14”. За такі давер з боку старшыні руплівы механізатар заплаціў выключным стараннем.

У прыватным архіве гэтага чалавека нямала Ганаровых грамат, дыпломаў пераможцаў сацыялістычнага спаборніцтва рознай вартасці. Неаднаразова за паспяховую працу ўзнагароджваўся ён і медалямі. Мае Д. М. Унучак і ордэн «Знак Пашаны». І гэтым фактам заслужана ганарыцца. Быў перадавы трактарыст выбраны ў Мінскі абласны Савет дэпутатаў. Прадстаўляў мясцовы калгас і раён на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

Вядома, кожная прыступка працоўнай славы і прызнання давалася яму няпроста: Дзмітрый Максімавіч з дзяцінства мае трэцюю групу інваліднасці. Хворая нага ныла не толькі ад перамены надвор’я, але і ад празмерных фізічных нагрузак, без якіх прафесію трактарыста проста нельга ўявіць…

Жонка – Софія Платонаўна –  у свой час працавала на свінаферме, а затым прыбіральшчыцай у  калгаснай канторы. Бездакорна спраўлялася яна і з абавязкамі хатняй берагіні: выгадавала дзвюх дачок, за якіх не сорамна перад людзьмі. Разам з мужам заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, цяпер таксама ў гэтых руплівых людзей хлявы не пустуюць, але колькасць жыўнасці ўжо раўнасільна іх абмежаваным  фізічным магчымасцям.

Бацькі заўсёды стараюцца хоць нечым дапамагчы любімым дочкам, імкнуцца падтрымаць унукаў, а іх у клапатлівых бабулі і дзядулі аж чацвёра.

Іх мазолістыя рукі звыкла адчуваюць сябе толькі ў пасільнай працы. Калі выдасца вольная хвіліна толькі ўмоўнага адпачынку, муж і жонка з ахвотай прымаюцца за свае любімыя справы. Кожны мае хобі. Софія Платонаўна ўвішна “круціць” рукавіцы ды шкарпэткі, а Дзмітрый Максімавіч не супраць сплесці зграбны кошык, які заўсёды спатрэбіцца ў гаспадарцы. А пад настрой збярэцца на машыне ў грыбныя мясціны ў бліжэйшы лес.

…Шмат дзесяцігоддзяў таму яны самі пабудавалі ўласны драўляны дом у Саланой, што ў Валожынскім сельсавеце. І шчасце ў гэтым доме таксама выпеставалі самі: добрымі сэрцамі, цярплівасцю, такой патрэбнай у любой сям’і ўступчывасцю і кампрамісамі ў адносінах. Таму і пражылі паўвека разам! І гэтым самым “залатыя” юбіляры міжволі даюць урок сямейнай мудрасці не толькі сваім дзецям, а і ўнукам. Яны ніколі не думалі пра развод, хаця ў жыцці, вядома, здараліся ўсялякія абставіны. “А цяпер маладыя легкадумна разыходзяцца, – наракае Дзмітрый Максімавіч. – Можа гэта мода такая з’явілася?!”

З той далёкай пары, калі лёс злучыў іх разам, яны бераглі і паважалі адно аднаго, яны вельмі любілі жыццё і ніколі не працавалі напаўсілы, а заўсёды толькі з асалодай у сэрцы. Яны ніколі не наракалі на свой лёс, не імкнуліся да заможнасці, матэрыяльных выгод.

Д. М. і С. П. Унучакі ўдзячна глядзяць на багатую вязку пражытых гадоў. Гаспадар, дарэчы, сёлета размяняў дзевяты дзесятак, а яго другая палавінка на пяць гадоў маладзейшая…

Софія Платонаўна  нарадзілася ў Лоску, але ў сэрцы адчувае, што і Саланая ёй ужо даўно стала роднай.

Што ні кажы, а шанц адзначыць залатое вяселле ўсё ж такі міжволі памаладзіў твары гэтых дваіх людзей! І ў гэтых промнях простага зямнога шчасця цёпла і сонечна іх нашчадкам, бо, пакуль жывуць на свеце бацькі, зямля не здаецца такой пустой, няма гнятлівага адчування, што назаўсёды страчана нешта самае каштоўнае…

Бязмежнай мудрасці залатых гадоў гэтых людзей хопіць і ўнукам, ды што там унукам –  хопіць на некалькі пакаленняў нашчадкаў. Самая надзейная спадчына! Яе нельга змарнаваць!

Салодка-горкае віно жыцця на іх стале не выпіта да канца. Будуць у гэтых людзей наперадзе яшчэ значныя юбілеі, радасныя падзеі! Хочацца верыць, што яшчэ не адна залатая, лагодная восень яркімі промнямі пралье святло ў вокны іх хаты…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий