Арганізацыя жывая, баявая і рабочая

Безопасность и здоровье Общество

Такую характарыстыку даў рабоце Валожынскай раённай структуры РДГА “Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах” вядучы спецыяліст Мінскай абласной арганізацыі Міхаіл ФРАЛОЎ падчас справаздачна-выбарнага сходу, які прайшоў напрыканцы мінулага тыдня ў канферэнц-зале цэнтральнай раённай бібліятэкі. На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі пярвічных арганізацый і ўпаўнаважаныя юрыдычных асоб, якія з’яўляюцца членамі таварыства.

Са справаздачным дакладам перад прысутнымі выступіў старшыня раённай арганізацыі Іван Сухадолец. Ён адзначыў, перад аб’яднаннем і яго членамі стаяць дзяржаўна значныя задачы: недапушчэнне гібелі людзей у раёне дзейнічання выратавальных пастоў, арганізацыя мерапрыемстваў па прафілактычнай рабоце і аказанні насельніцтву першай медыцынскай дапамогі. За апошнія гады з суб’ектамі прафілактыкі – аддзелам па надзвычайных сітуацыях, упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме, праваахоўнымі органамі, медыцынскай і санітарнай службамі, актывістамі БРСМ і інш. – у гэтым кірунку зроблена многае. Прафілактычная работа была сканцэнтравана на тлумачэнне патрабаванняў Правіл аховы жыцця людзей на вадзе, недапушчальнасці купання, рыбнай лоўлі, выкарыстання плаўсродкаў і выхаду на лёд у нецвярозым стане. Прыярытэтным кірункам стала папярэджанне няшчасных выпадкаў з непаўналетнімі.

Аднак, нягледзячы на прымаемыя меры, пазбегнуць трагедый на вадзе не ўдалося: у 2019 годзе ў раёне патануў адзін чалавек, летась – два. Аналіз статыстыкі паказвае: два загінулі ў месцах, дзе забаронена купанне, адзін – пры падзенні ў ваду з лодкі падчас рыбнай лоўлі. Абое мінулагодніх тапельцаў пацярпелі ў вадзе за межамі нашага раёна, і што паказальна – знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Станоўчым момантам з’яўляецца недапушчэнне гібелі на вадзе дзяцей.

Асобна Іван Мікалаевіч спыніўся на асвятленні дзейнасці пярвічных арганізацый у СМІ. На яго думку, жыхары раёна павінны ведаць і бачыць, што пярвічкі існуюць не фармальна – яны праводзяць шмат разнастайных мерапрыемстваў.

Максімальна магчымае зніжэнне гібелі людзей на водах у краіне – адзін са складальнікаў палітыкі дзяржавы ў галіне забеспячэння бяспекі грамадзян. І валожынская арганізацыя – дзейснае звяно ў сістэме прафілактыкі гібелі людзей ад знешніх прычын. Па выніках нарады работа раённай структуры ТВВОД была прызнана здавальняючай. Быў абраны новы склад прэзідыума.

Прыемным момантам стала ўзнагароджанне лепшых пярвічак, якія вызначыліся ў прафілактычнай рабоце. Першае месца заняў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, другое – Сакаўшчынская адзінаццацігодка, на трэцім – раённая бальніца. Таксама граматамі абласнога і раённага ўзроўню былі адзначаны самыя актыўныя члены.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара