Самаахвярная работа медыкаў

Общество

Наталья_Боярская_Курейчик_Светлана_млын.by

Напрыканцы мінулага тыдня ў Валожынскай райбальніцы выязны прыём грамадзян правяла начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама Наталля Іларыёнаўна БАЯРСКАЯ. У прыёмнай галоўнага ўрача наведвальнікаў не было. Карыстаючыся магчымасцю, мы задалі некалькі пытанняў кіраўніку абласнога ведамства.

– Наталля Іларыёнаўна, калі ў жыхароў раёна не ўзнікла пытанняў да вышэйстаячага начальства, то можна сцвярджаць, што валожынскія медыкі прафесійна выконваюць свае абавязкі?

– Хацелася б адзначыць вельмі самаахвярную работу як медыкаў Мінскай вобласці і ўвогуле ўсёй рэспублікі, так, у прыватнасці, і Валожынскага раёна. У цяперашняй складанай эпідэміялагічнай сітуацыі яны робяць усё, што могуць, дзеля выратавання жыцця і захавання здароўя людзей. І Валожынская цэнтральная раённая бальніца адна з першых была перапрафілявана ў шпіталь, дзе аказвалася дапамога пацыентам з COVID-19. Толькі нядаўна яны перайшлі ў звыклы рэжым работы. Тут знаходзіліся на лячэнні не толькі валожынцы, але і хворыя з іншых рэгіёнаў краіны. Таму, безумоўна ж, хацелася выказаць словы ўдзячнасці медыцынскім работнікам Валожыншчыны за працу і ўдзень, і ўначы, і ў святы, і ў будні.

– Наколькі зразумела, у райбальніцы зноў парадзіх прымае радзільнае аддзяленне, хоць неаднаразова хадзілі чуткі аб яго закрыцці?

– У вобласці ідзе цэнтралізацыя, і створана чатырохузроўневая сістэма аказання перанатальнай дапамогі. Думаю, што кожная жанчына, якая плануе стаць матуляй, хацела б атрымліваць медыцынскую дапамогу там, дзе медперсанал мае высокую кваліфікацыю. Я ні ў якім выпадку не хачу зменшыць прафесіяналізм валожынскіх урачоў – яны працуюць на годным узроўні. Аднак ёсць яшчэ такія паняцці, як вопыт і практыка. Калі ў бальніцы прымаюць па 400-500 родаў у год, і калі мы гаворым, што ёсць раёны, дзе ўсяго 180 – адны роды ў двое сутак, канешне, гэта мае сваё значэнне. Магу адназначна сцвярджаць толькі тое, што пакуль планаў на закрыццё радзільнага аддзялення ў Валожынскай райбальніцы няма. Так, такія думкі былі, таму што ў раёне існуе вялікая праблема з хірургічным аддзяленнем, на якое патрэбны істотныя капітальныя ўкладанні. У прыватнасці, можна было б разгледзець гінекалагічны корпус для аказання хірургічнай дапамогі пацыентам без асаблівых фінансавых затрат, а Маладзечна магло б лёгка справіцца з той колькасцю родаў, якія ёсць у вашым раёне. Але на сённяшні дзень такое рашэнне не прынята.

– Напрыканцы мінулага года на пасяджэнні райвыканкама адзначалася, што сёлета плануецца выдаткаваць з абласнога бюджэту значныя фінансавыя сродкі на капітальны рамонт і рэканструкцыю хірургічнага аддзялення, дзе будуць палаты з найноўшым абсталяваннем?

– Сапраўды, планы такія ёсць – на дадзены момант ідзе карэкціроўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Калі будзем мець лічбы, зразумелыя для нас, – колькі трэба будзе ўкладанняў, у залежнасці ад сітуацыі будзе вызначаны і аб’ём фінансавання.

– Ці звяртаюцца валожынцы за вырашэннем пытанняў у Галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Мінаблвыканкама?

– Так, ёсць звароты і да нас, і ў вышэйстаячыя арганізацыі. Але гэта зусім не азначае, што медыкі ў вас працуюць дрэнна – проста грамадзянін у незалежнасці ад таго, дзе пражывае, мае права звярнуцца ў тую медыцынскую ўстанову, у якую лічыць патрэбным.

– Што хвалюе валожынцаў?

– У асноўным – якасць аказання медыцынскай дапамогі, магчымасць і даступнасць высокатэхналагічных відаў дапамогі, а таксама лекавае забеспячэнне. Вельмі шмат, асабліва ў апошні час, павялічылася колькасць такіх зваротаў, і не толькі па Валожынскім раёне, як павышэнне групы інваліднасці.

– Як разглядаецца пытанне забеспячэння кваліфікаванымі медыцынскімі кадрамі?

– Галоўны ўрач вашай бальніцы досыць актыўна працуе над гэтым пытаннем: многа выдаецца мэтавых накіраванняў выпускнікам валожынскіх школ, Павел Алегавіч асабіста ездзіць ва ўстановы, дзе рыхтуюць медыцынскія кадры, і, так бы мовіць, “выхоплівае” падрыхтаваных спецыялістаў. Таму ўпэўнена, што паступова ўкамплектуецца і Валожынская ЦРБ. Станоўча на замацаванне маладых кадраў уздзейнічае прадастаўленне жылля. Наколькі асвядомлена, валожынскія медыкі не маюць праблем такога кшталту – тым, хто не пажадаў жыць у інтэрнаце, бальніца аказвае матэрыяльную дапамогу ў аплаце кватэры па найме.

– Што б Вы пажадалі жыхарам Валожыншчыны?

– Моцнага здароўя і даўгалецця.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ