Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

На мінулым тыдні дырэктар ДУК “Валожынскі раённы Цэнтр культуры” А. І. Конаўка і яе намеснік Т. С. Лужынская пабывалі ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў на папярэднім размеркаванні выпускнікоў.

Прапанову працаваць у нашым раёне прынялі будучыя рэжысёр народных свят і абрадаў, харэограф, спецыяліст па дэкаратыўна-прыкладным майстэрстве і спецыяліст па эстрадным выканаўчым майстэрстве. Некаторыя родам з Валожыншчыны, таму ёсць спадзяванні, што пасля абавязковай адпрацоўкі яны замацуюцца ў нашым раёне. Кіраўнік установы культуры мае намер пабываць на размеркаванні і ў іншых культ- асветустановах Міншчыны.

Дзякуючы ўласным сувязям, старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў В. А. Субач дастаўляе ў раён пакаёвыя кветкі, якія могуць бясплатна набыць члены таварыства.

У апошні раз такі падарунак кветкаводам быў зроблены ў бягучым месяцы. Разнастайныя пакаёвыя расліны ўпрыгожылі аранжарэю аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, па 2-3 вазоны прыдбалі для сябе 13 членаў таварыства, якія жывуць у Валожыне, а таксама многія жадаючыя з Івянца. Зразумела, што кветкі патрабуюць стараннага догляду, але пасля аддзячаць зелянінай і цвіценнем.

Чамусьці гаспадары надоўга не затрымліваюцца ў арандаванай у раённага спажывецкага таварыства піцэрыі “Фламінга”, але памяшканне зноў не пустуе. Цяпер тут прадаюць тарты і пірожныя, іншую выпечку.

Выпякаюць прадукцыю хлебазаводы, якія належаць “Мінскхлебпраму”. Што будзе далей, пакажа час, бо канкурэнтаў хапае. Мне здаецца, трэба больш рэкламы і старанна сачыць за якасцю ласункаў.

Веснавы дзень, які яшчэ пахне зімой, скарысталі, каб пабываць у джунглях, 11 выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

Аднымі з першых яны наведалі новую выставу ў краязнаўчым музеі. Зразумела, што большасць рэптылій, прадстаўленых на выставе, юнакі і дзяўчаты маглі бачыць толькі па тэлевізары. А разглядаць іх паводзіны ў жывую – вялікае задавальненне. Асабліва спадабаліся ўсім чарапашкі, якіх дазваляюць памацаць рукамі. Такцільнае датыканне вельмі запомнілася выхаванцам.

Скарбонка ўзнагарод паэткі з Пугачоў Наталлі Жызнеўскай працягвае папаўняцца і ў сакавіку. Застаецца толькі дзівіцца працаздольнасці жанчыны, яе творчай энергіі. Няхай натхненне і далей не пакідае творцу!

 Днямі Н. Жызнеўская атрымала дыплом пераможцы конкурсу “Зима уйдет, весна стучится в двери”, які праводзіла ў Інтэрнэце Міжнародная паэтычная садружнасць “Стихи для женской души”. Верш нашай зямлячкі “Один шаг до весны” перамог у намінацыі “Романтика души”. Таксама жанчына атрымала Дыплом у гонар юбілею гэтай садружнасці з пажаданнямі творчага натхнення, здароўя і поспехаў. Яшчэ адну ўзнагароду – сертыфікат – яна атрымала за ўдзел у Міжнародным паэтычным конкурсе “Родные города и страны”.

 З 12 па 14 сакавіка ў Валожыне праходзіла першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2007-2008 гадоў нараджэння. У спаборніцтвах удзельнічалі 9 каманд. Спрэчкі на пляцоўцы былі не жартоўныя, балельшчыкі атрымалі сапраўдную асалоду.

 На жаль, упершыню за многія гады нашых юных баскетбалістаў няма сярод прызёраў. Каманда заваявала пятае месца. А ў тройцы лепшых іх равеснікі з Лагойскага, Вілейскага і Барысаўскага раёнаў.

 

 

    Радасная навіна для паляўнічых – адкрыўся сезон палявання на дзікую птушку.

    Ва ўгоддзях лясгаса з 20 сакавіка па 9 мая дазваляецца паляванне на самцоў вальдшнэпа, з 27 сакавіка па 9 мая – на гуся белалобага, гуменніка шэрага, канадскую казарку. Таксама з 27 сакавіка – на самцоў качак: краквы, свіязі, гогаля, шыраканоскі, чэрняці хахлатай, чырка-траскунка, чырка-свістунка, качкі шэрай. З аналагічнай даты дазваляецца паляванне на баклана, галуба шызага, чаплю шэрую і чаплю белую вялікую. Паляваць можна ў светлы час сутак, акрамя перыяду з 12 да 18 гадзін, на самцоў вальдшнэпа – дадаткова з 18 да 22 гадзін. Для палявання вызначаны наступныя дні – субота-аўторак. Дарэчы, ва ўгоддзях раённай структуры таварыства паляўнічых і рыбаловаў паляванне пачалося з 13 сакавка і па 9 мая, не больш за 28 паляўнічых дзён. Але паляваць дазваляецца тры дні – субота-панядзелак.