23 сакавіка – Дзень работнікаў гідраметэаралагічнай службы. Прафесія рэдкая, навыкі эксклюзіўныя.

Важное Общество

Начальнік раённай метэастанцыі Сяргей ТРУС

Напярэдадні прафесійнага свята мы наведаліся ў раённую метэастанцыю. Спецыялісты ўстановы, якія літаральна нясуць адказнасць за ўзаемадзеянне з “нябеснай канцылярыяй”, падзяліліся асобнымі нюансамі сваёй работы.

Каб вынікова працаваць у гэтай службе, як казаў герой аднаго фільма, дваццаць гадоў вучыцца трэба. Сапраўды, якую б адукацыю ні меў чалавек, асвоіць эксклюзіўныя навыкі складана і зусім немагчыма без стажыроўкі пад кіраўніцтвам вопытных работнікаў.

Сёння ў арганізацыі працуюць 6 чалавек. Начальнік – выпускнік Санкт-Пецярбургскага гідраметэаралагічнага ўніверсітэта Сяргей Аляксандравіч Трус, інжынер-метэаролаг Галіна Вітальеўна Венславовіч, тэхнікі-метэаролагі Валянціна Андрэеўна Родзевіч, Данута Уладзіміраўна Шакун, Ірына Вікенцьеўна Рагачэвіч, Аляксандр Вацлававіч Венславовіч. Функцыі каманды па-сапраўднаму спецыфічныя. З дапамогай складаных прыбораў фінскай і беларускай вытворчасці яны бесперапынна вядуць нагляданні за ўмовамі надвор’я, прыроднымі з’явамі, замяраюць тэмпературу глебы, вышыню снежнага покрыва і г. д. 

Акрамя прадастаўлення інфармацыі ў Белгідрамет, установе даводзіцца супрацоўнічаць з рознымі службамі, якім, каб годна выканаць свае абавязкі, патрэбны звесткі адносна надвор’я (РАУС, следчы камітэт, прадстаўніцтвы Белдзярстраху, сельгасарганізацыі і інш.) За мінулы год спецыялістамі выдадзены больш за паўтары сотні даведак з інфармацыяй, што знаходзіцца ў іх кампетэнцыі. Невялікі калектыў абслугоўвае Валожынскі, Маладзечанскі раёны і сельгасарганізацыі Дзяржыншчыны.

Пяць гадоў таму матэрыяльная база станцыі была поўнасцю адноўлена, што паўплывала на якасць яе дзейнасці. Але, як адзначаюць самі метэаролагі, нягледзячы на значную аўтаматызацыю, іх работа ніколі не будзе поўнасцю даверана машыне. Без візуальных нагляданняў, умення рабіць з іх высновы, складання сінаптычных карт немагчыма выдаць дакладны прагноз, а без яго ў сучасным свеце – нікуды.

У калектыве цудоўныя прафесійныя традыцыі. Тут помняць усіх, хто развіваў службу ў розныя гады. Падчас нашай сустрэчы Сяргей Аляксандравіч Трус адзначыў, што цяжка пераацаніць уклад у станаўленне метэаралагічнай работы на Валожыншчыне першага кіраўніка ўстановы – Аляксандры Пятроўны Ісінай, а таксама сямейнай пары Івана Іванавіча і Веры Сямёнаўны Анушэўскіх (абое ўзначальвалі калектыў і аддалі яму па 40 гадоў жыцця), Надзеі Мікалаеўны Моніч, Станіславы Іванаўны Гарасюк, Ядвігі Канстанцінаўны Бітэль  (кожная з жанчын адпрацавала больш чым па 20 гадоў) і многіх іншых супрацоўнікаў.

Як ні ўзнёсла гучыць, а ўсё ж гэтыя людзі ўмеюць счытваць інфармацыю з неба. Наглядаючы за аблокамі, снежным покрывам, інеем, абледзяненнем громам, маланкай і дажджом, яны бачаць і чуюць нешта большае, чым іншыя. Менавіта іх намаганні даюць магчымасць будаваць планы на заўтра, паслязаўтра, ды і на больш значныя тэрміны як цэлым арганізацыям, так і любому з нас.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара