Арыенцір на бяспеку

Безопасность и здоровье Общество

На мінулым тыдні ў кінатэатры “Юнацтва” прайшоў міжрэгіянальны семінар “Бяспека працы пры правядзенні сельскагаспадарчых работ”.  Арганізатарамі мерапрыемства выступілі камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Валожынскага райвыканкама. Удзельнікі семінара – кіраўнікі прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу Валожынскага, Вілейскага, Дзяржынскага, Лагойскага, Мінскага, Маладзечанскага і Мядзельскага раёнаў, а таксама  адказныя за бяспеку працы ў сельгасвытворчасці.

Першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Вера Барысевіч ва ўступным слове засяродзіла ўвагу прысутных на неабходнасці правесці вясенне-палявыя работы без дапушчэння няшчасных выпадкаў. Яна адзначыла, што, нягледзячы на важнасць своечасовага завяршэння пасяўной кампаніі, на першым плане ўсё ж – захаванне жыцця і здароўя работнікаў.

Выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Валожынскага райвыканкама Андрэй Загорскі выступіў з кароткай даведкай адносна стану спраў у сельгаспрадпрыемствах раёна. Затым пра арганізацыю бяспекі эксплуатацыі сельгастэхнікі дакладваў загадчык сектара па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Барыс Зінзіраў. На забеспячэнні бяспекі работы пры абслугоўванні электрафікаваных механізмаў і перасоўных электрычных машын на аб’ектах уборкі ўраджаю, нарыхтоўкі сельскагаспадарчых кармоў, рабоце ў ахоўных зонах паветраных ліній электраперадачы спыніўся начальнік Валожынскай раённай энергагазінспекцыі Маладзечанскага міжраённага аддзялення філіяла Дзяржэнергагазнагляду па г. Мінску і Мінскай вобласці Мікалай Косік.

Стан вытворчага траўматызму ў арганізацыях Мінскай вобласці прысутныя разгледзелі разам з начальнікам Маладзечанскага міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Дзянісам Тамашавым. Былі таксама абмеркаваны пытанні правядзення абавязковых медаглядаў працаўнікоў (урач-гігіеніст абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогі і грамадскага здароўя Алена Смірнова), змяненняў заканадаўства ў ахове працы (галоўны спецыяліст сектара аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Іван Шыманскі), інфармацыйнага забеспячэння аховы працы (галоўны рэдактар часопіса “Ахова працы і сацыяльная абарона” Сяргей Грыб). Прагучалі прапановы наконт арганізацыі практычных мерапрыемстваў па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў сельгасарганізацыях (начальнік нагляду і прафілактыкі Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Кавалеўскі), транспартнай бяспекі (начальнік аддзялення ДАІ Валожынскага РАУС Леанід Гіль).

Аналіз асноўных парушэнняў, што выяўлены пры арганізацыі і правядзенні масавых сельгасработ, зрабіў загадчык сектара па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы ўпраўлення механізацыі і інвестыцый камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама Дзмітрый Давыдок. 

Напрыканцы семінара сярод удзельнікаў адбыўся абмен думкамі.

Падчас семінара КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” прадставіў больш за 20 узораў спецвопраткі для работнікаў розных галін гаспадаркі. Як адзначыла загадчык вытворчасці Вольга Мікалаеўна Жалабковіч, прадпрыемствам распрацаваны і вырабляюцца касцюмы для медыкаў, механізатараў, работнікаў прамысловых прадпрыемстваў, абслуговых і гандлёвых арганізацый. Кожная дэталь адзення распрацоўваецца з улікам спецыфікі дзейнасці людзей, што будуць ім карыстацца. Сёння майстры швейнага цэха РКБА працуюць у цесным кантакце з заказчыкамі, улічваюць іх пажаданні адносна крою, колеру касцюма, а таксама матэрыялу, з якога ён шыецца. Для таго, каб прадстаўнікам арганізацый было лягчэй вызначыцца з заказам, ім прапаноўваецца каталог, дзе можна выбраць ужо гатовы касцюм ці ўзяць яго за аснову пры стварэнні новага. Буклеты з узорамі касцюмаў атрымалі ўдзельнікі семінара. Цяпер у райбыткамбінаце працуюць над заяўкамі, якія ўжо паступілі.

 Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара