З ПЕСНЯЙ ПА ЖЫЦЦІ ЛЯГЧЭЙ ІСЦІ

Культура

У вёсцы Саланая Валожынскага сельсавета гэтага шпаркага на нагу і трапнага на язык чалавека ведаюць усе: Аляксандр Фёдаравіч Шчарбачэвіч тут нарадзіўся і дажыў да сівых валасоў. І працаваў увесь час на роднай зямлі, за нязначным перапынкам на армейскую службу. Тыя тры гады адслужыў далёка ад родных мясцін: у Верхнім Валачку, Арэхава-Зуеве і Таржку, і яны засталіся незабыўным успамінам. А ўвогуле, учэпістая памяць старога чалавека ўтрымлівае шмат цікавых звестак.

ВАЙНА

Шуру было дзевяць гадоў, калі пачалася вайна. Быў ён малодшым у сям’і, “паскрэбкам”. Сваім чорным крылом іх радню яна практычна не закранула, таму і асаблівых успамінаў не засталося. Хаця страх перад невядомасцю быў. Аляксандр Фёдаравіч не помніць дакладна, як даведаўся, што пачалася вайна, і ці было на той момант у вёсцы радыё. А вось як першы раз убачыў жывых немцаў, помніць: ехалі праз вёску на машынах і спыніліся каля Каваленкавага калодзежа.

Аднойчы ён сам моцна параніў шклом нагу, асколак застаўся ў ране, пачалося загнаенне. І тады матуля кінулася за паратункам да немцаў. Доктар, ці хто ён там быў, праўда, не адмовіўся, і шкло дастаў, і нагу перабінтаваў, і лячыў малога, і нават ласункі даваў.

Помніць і іншыя эпізоды тых ваенных гадоў. У першыя дні вайны нямецкі снайпер асталяваўся на касцёле на Капусцінскіх могілках (Аляксандр Фёдаравіч сцвярджае, што спачатку гэта быў касцёл, а ўжо цяпер цэркаўка) і сыпануў кулямі па мясцовых мужыках, што сабраліся на цагельні. А ён сам якраз вёў карову ў вёску Вядзернікі. І здавалася хлопчыку, што ўсе кулі былі накіраваны толькі на яго, гэны свіст стаіць у вушах па сённяшні дзень. Кінуўся ён на зямлю і поўз-поўз, не ведаючы куды, і пра карову забыўся.

У хатах людзі начаваць баяліся, бо днём наведваліся немцы. У іх неяк немцы забралі авечку, дык малыя яе вельмі шкадавалі і моцна плакалі. Помніць Аляксандр Фёдаравіч, і як акупанты адступалі. У жыце за вёскай ляжалі кучамі, яшчэ палохалі мірных людзей зброяй, але іх ужо не баяліся. Пайшоў збіраць маліны, раскрыў куст, а там немец. Як дамчаў да вёскі, не помніў, расказаў дарослым. Тады трафейнай зброі хапала ў кожнай хаце, людзі таго немца злавілі і даставілі ў горад.

ПАСЛЯВАЕННЫЯ ЧАСЫ

Да вайны А. Ф. Шчарбачэвіч паспеў скончыць два класы. Як прыйшлі Саветы, у роднай вёсцы насупраць іх хаты адкрылі школу. Пасля вайны хлопчык вучыўся ў Бурнейкаўскай, Даўбенеўскай школах, скончыў сем класаў. У той час у Даўбенеўскай школе працавала Н. С. Навіцкая. Дык дзед Шурка не прадмет, які яна выкладала, запомніў, а тых індыкоў, што гадавала настаўніца, бо іх было вельмі многа.

Да арміі Шчарбачэвіч паспрабаваў смак самастойнай працы – трактарыстам у МТС араў, баранаваў, сеяў. А ў арміі набыў спецыяльнасць вадзіцеля, якая затым карміла ўсё далейшае жыццё. Армейскую службу пачынаў у Верхнім Валачку. Як сваякі даведаліся пра гэта, настойліва прасілі салдаціка адшукаць сястру дзядзькі Данілы Гаспарэвіча. “Загад” з радзімы Аляксандр выканаў, жанчыну знайшоў, нават удалося дроў ёй навазіць, дык быў зусім на вышыні. Калі служыў у Арэхава-Зуеве, працаваў на “ЗІЛе”. Клалі да Масквы асфальт. А невялікі Таржок запомніўся беларусу тым, што ў ім было ажно 35 цэркваў.

Вярнуўшыся з арміі, А. Шчарбачэвіч уладкаваўся вадзіцелем у воінскую часць. А з 1957 года перайшоў у калгас. Яшчэ і на пенсіі 7 гадоў працаваў у калгасе імя Суворава. Спачатку вазіў старшынь, яго першай легкавой машынай была “Победа”. Шмат цікавага можа расказаць пра тыя часы. У рабоце персанальным вадзіцелем ёсць свае плюсы і мінусы. Аднойчы Аляксандру Фёдаравічу ўсё надакучыла, і ён перайшоў на грузавую машыну. У пошуках запчастак аб’ехаў Прыбалтыку, Расію, Украіну, іншыя рэспублікі.

ЯК АДЗІН ДЗЕНЬ

У 1956 годзе Аляксандр знайшоў сваю палавінку, сваю прыгажуню. У пошуках не давялося хадзіць “за тры моры”, бо былі маладыя з адной вёскі і даўно ведалі адзін аднаго. Але каханне, як заўсёды, прыйшло нечакана. У ладзе і згодзе пражылі Аляксандр Фёдаравіч і Ніна Данілаўна 55 гадоў. На сумесным шляху былі радасці, былі і выпрабаванні. Незагойнай ранай застаецца недарэчная смерць малодшага сына Сярожкі. Таму цешыць душу сям’я сына Паўла, радуюцца старыя поспехам дзяцей і ўнукаў.

А яшчэ ўсё жыццё побач з ім песня. Спявае на сцэне, спявае і падчас пахавальных абрадаў. Ведаюць яго не толькі ў сваёй мясцовасці. Місію провадаў чалавека ў апошні шлях выконвае вельмі адказна.

Наталля ШТЭЙНЕР.

Фота Сяргея ГЛІНСКАГА.

 



Добавить комментарий