24 сакавіка – Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам

Общество

Маштабныя праграмы Сусветнай  арганізацыі аховы здароўя па барацьбе з туберкулёзам, сфарміраваныя на аснове апошніх навуковых дасягненняў, буйныя дзяржаўныя мерапрыемствы ўрада Рэспублікі Беларусь прынеслі добрыя вынікі: хворых стала менш. Аднак зусім забывацца пра праблему гэтага захворвання не варта.

Зараз мы перажываем эпідэмію каранавіруснай інфекцыі. Ніхто не ведае, калі яна закончыцца, але шкоды ўжо прынесла вельмі шмат. Урачы асцерагаюцца, як гэта эпідэмія паўплывае ў будучым на астатнія інфекцыі, у тым ліку і на туберкулёз. Хоць сам каранавірус яшчэ не вывучаны ў поўнай меры, па ўсіх тых ускладненнях, што пакінуў, могуць скласціся ўмовы для ўсплёску інфекцыі.

У Валожынскім раёне за мінулы год колькасць захварэўшых на туберкулёз знізілася, аднак выпадкі ўсё ж бываюць. Заражаюцца ў асноўным грамадзяне, якія ігнаруюць прынцыпы прафілактыкі і асабістай гігіены, не прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, злоўжываюць алкаголем. А самыя  ўспрымальныя ў гэтым плане бяздомныя, мігрыруючыя асобы, непрацуючыя. Бо як харчуецца чалавек, які не мае даходу? Асабліва калі жыве адзін і не мае ніякай дапамогі. Менавіта такія людзі ўпарта ігнаруюць медыцынскія агляды, ухіляюцца ад флюараграфічнага абследавання.

Асаблівасць хваробы на туберкулёз складаецца ў тым, што на ранніх стадыях чалавек не адчувае ніякіх прыкмет і лічыць сябе здаровым, хаця ён ужо распаўсюджвае інфекцыю і заражае навакольных.

Выяўленне хваробы на ранняй стадыі забяспечвае поўнае выздараўленне з мінімальнымі фінансавымі выдаткамі і без ускладненняў. Менавіта таму медыцынскія работнікі пераконваюць грамадзян своечасова прайсці медыцынскі агляд, зрабіць флюараграфічнае абследаванне, напамінаюць пра неабходнасць здаровага ладу жыцця, выкараненне шкодных звычак: курэння і п’янства. Гэта заклад даўгалецця і актыўнай працоўнай дзейнасці.

Валерый ГАЎРЫЛАЎ,

урач-фтызіятр