Анатолій Мікалаевіч КУЛАК: “Галоўнае ў жыцці –знайсці сваё вялікае “Я”

Люди и судьбы

23 сакавіка Анатолій Мікалаевіч КУЛАК адзначае 70-годдзе. Усё працоўнае жыццё ён аддаў роднай Валожынскай зямлі. З усмешкай зазначае: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Ён лічыць, што багаццем любой мясцовасці з’яўляюцца людзі – незалежна ад пасады і роду заняткаў у кожнага ёсць чаму павучыцца. “Колішнія сяляне былі вельмі разумнымі людзьмі, – расказвае мой герой. – Яны мелі вялікі мужыцкі розум, пачуццё адзінства, узаемавыручкі і падтрымкі, уменне трапна пажартаваць і небалюча, па-разумнаму падчапіць. А яшчэ – усё рабіць разам”. Вось гэта РАЗАМ і стала галоўным пастулатам у штодзённай рабоце А. М. Кулака.

Яго маленькая радзіма – вёска Савяцевічы, што ў чатырох кіламетрах ад райцэнтра. Маленства і дзяцінства было падобнае да большасці жыцця вясковай дзетвары таго часу. Бацькі працавалі ў калгасе імя Леніна: бацька – брыгадзірам, пасля – загадчыкам фермы, маці хадзіла ў паляводчую брыгаду, затым перайшла ў бухгалтэрыю. Яны любілі першынца і даравалі многія свавольствы.

Анатоль рос жвавым, дапытлівым хлопчыкам, праяўляў надзвычайную кемлівасць і вынаходлівасць, чым дастаўляў нямала клопатаў – яму заўсёды хацелася свабоды. У гады чатыры задумаў самастойна пакатацца на калгасным кане, які быў у распараджэнні бацькі. Пралічыў усё да дробязей: калі бацька прыходзіў палуднаваць, то заўсёды на паўгадзіны клаўся адпачыць, бо ўставаў вельмі рана. План удаўся на славу, і вось ледзьве бачны ў возе кіроўца сцябае жывёлу лейцамі. Той панёсся галопам, і да бяды заставаўся адзін крок. Але моцнае бразганне драўляных колаў па брусчатай дарозе пачула бацькава сястра, якая жыла напрыканцы вёскі і выбегла ратаваць пляменніка. Нягледзячы на 15-гадовы ўзрост, яна не разгубілася і не спалохалася: ухапіла каня за аброць, і той стаў як укопаны.

Колькі было такіх “цудаў” – не падлічыць. Але адзін сур’ёзны выпадак цалкам змяніў яго ўнутраны стан і характар. Так здарылася, што ў вёсцы сяброў-аднагодкаў у Анатоля не было: то старэйшыя, то меншыя на некалькі гадоў. Ён любіў прыроду і жывёлу. На выгане ж пасвілася кабыла з жарабём. Незвычайным чынам маленькія чалавек і жывёла знайшлі агульную мову – цэлымі днямі насіліся на полі адзін за адным. І настолькі хлопчыку было добра і весела, што ён ужо з самай раніцы спяшаўся да свайго “дружбака”. Аднойчы падчас такой беганіны жарабё выскачыла на дарогу і загінула пад коламі машыны. Анатоль палічыў сябе вінаватым і тры месяцы аплакваў цяжкую для юнай душы страту. Пасля гэтага свавольствы і гарэзлівасць назаўсёды змяніліся на недзіцячую разважлівасць і сур’ёзнасць.

 Скончыўшы два класы Шчалканаўскай васьмігадовай школы, жыццё падкінула свае выпрабаванні. Спачатку моцна захварэў бацька, а за ім – і маці. У 10 гадоў давялося даглядаць малодшую сястру, спраўляцца па вялікай гаспадарцы, вучыцца ўсё рабіць самому. Бацькі не стала праз тры гады, і ў сувязі з цяжкай хваробай маці іх з сястрой накіравалі вучыцца ў Валожынскую школу-інтэрнат.

Анатолій Мікалаевіч успамінае: “Гэта была велізарная машына патрыятычнага і маральнага выхавання дзяцей са строгімі правіламі і парадкамі. Жылі па-ваеннаму – распарадак дня распісаны па хвілінах. У адным пакоі месціліся больш за 20 хлапчукоў. Настаўнікі замянілі бацькоў, і сёння педагогаў з вялікай літары на чале з дырэктарам Майсеем Давідавічам Віткіным успамінаю з цеплынёй і ўдзячнасцю. Яны заклалі ў нас цвёрды стрыжань, навучылі любіць Радзіму, шмат працаваць, заўсёды імкнуцца наперад.

Дзесяць класаў скончыў з чатырма чацвёркамі і рашыў паступаць у медыцынскі інстытут, дзеля чаго паглыблена займаўся з настаўніцай па хіміі. Падаваць дакументы ў сталіцу паехаў разам з сябрам, але той накіраваўся ў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Моцнае пачуццё калектывізму адыграла сваю ролю – па дарозе перадумаў і вырашыў таксама ж стаць інжынерам-механікам. Вось такі круты паварот лёсу”.

Да заканчэння школы А. М. Кулак быў самастойным, дарослым не па гадах чалавекам. Вялікую ролю ў станаўленні як асобы адыграла сям’я роднага брата бацькі – Фёдара Фёдаравіча Кулака, галоўнага агранома калгаса, і Лідзіі Сямёнаўны Журкевіч, настаўніцы СШ № 2 райцэнтра. Ён часта прыходзіў да іх, калі вучыўся ў школе-інтэрнаце. Выхаваннем у большай ступені займалася Лідзія Сямёнаўна. Цудоўны педагог і інтэлектуал вучыла падлетка гарадской культуры, інтэлігентнасці, нават самой паходцы. Казала: “Постаць прамей, галаву вышэй, плечы шырэй!” Гэтыя словы, нягледзячы на цяжар пражытых гадоў, да сённяшняга дня дапамагаюць трымаць форму.

 Працоўную біяграфію пачаў з пасады галоўнага інжынера калгаса імя Суворава, дзе старшынствавалі Віктар Лявонцьевіч Дарожка разам з намеснікам Канстанцінам Андрэевічам Рудовічам. Мікалай Анатольевіч адзначае: “Патрапіў у вельмі згуртаваны калектыў. Усе – і кіраўніцтва, і простыя работнікі – былі настолькі адказныя і старанныя, больш такога адзінства памкненняў не сустракаў: разумелі і давяралі мне “зялёнаму”, вучылі самастойнасці, зносінам з людзьмі. Праз чатыры гады ў гаспадарку прыехала праверка Рэспубліканскага народнага кантролю. На выніковай нарадзе за станоўчую работу начальнік райсельгасхарчу Іван Данілавіч Лебедзеў заахвоціў пуцёўкай на Выставу народнага дасягнення ў Маскву, а пасля прапанаваў пасаду галоўнага інжынера ў сельгасупраўленні. Вось так з 1977 года пачалася мая работа ў будынку райвыканкама – 30 гадоў давялося папрацаваць на ўсіх чатырох паверхах.

 Прынцыповы, граматны, разумны І. Д. Лебедзеў навучыў мяне быць кіраўніком. Таксама ўдзячны другому, а затым першаму сакратару райкама партыі Аляксандру Хрыстафоравічу Чаеўскаму, які вельмі шмат зрабіў для развіцця раёна. Па характары настойлівы, нават “уедлівы”, ён заўсёды дамагаўся свайго. Пры ім былі асфальтаваны дарогі на Івянец, Гародзькі, Вішнева і Маладзечна. Укаранёны метад “народнай будоўлі” на ўзвядзенні санаторыя-прафілакторыя “Налібоцкая пушча”, адкрыліся новыя гандлёвыя кропкі. Ён застаўляў працаваць праз “не хачу”, але дзеля дабрабыту людзей.

 Ужо адпрацаваўшы больш за 20 гадоў на розных пасадах упраўлення райсельгасхарчу, у 1995 годзе кіраўнік раёна Валянцін Іванавіч Малішэўскі настаяў на маім назначэнні намеснікам па сацыяльнай сферы. Давялося асвойваць зусім іншую, невядомую і далёкую ад сельскай гаспадаркі галіну. Мне так хацелася хоць чым-небудзь парадаваць сваіх землякоў, каб ім стала хоць трошкі лягчэй жыць, каб яны адпачылі душой. І вось у 1997 годзе па прыкладзе горада-пабраціма Зарайска Маскоўскай вобласці Расіі ўпершыню ў гісторыі Валожына мы правялі на гарадскім стадыёне каля воінскай часці Свята горада. Неацэнную дапамогу ў гэтым аказала наша народная артыстка Ядвіга Паплаўская. Пашчасціла мець зносіны з народнымі артыстамі Расіі Васілём Ланавым і Алегам Газманавым, якія адкрылі святло для больш глыбокага пазнання культуры. Цесныя стасункі наладзіліся і з Савецкім раёнам сталіцы, кіраўніцтва якога заўсёды ішло насустрач. Увогуле, я ўдзячны ўсім культработнікам раёна, у якіх вучыўся і лавіў кожнае іх слова. Шмат ідэй паддаваў ідэолаг Алег Аляксандравіч Бобрык, прафесіяналам у сваёй справе была дырэктар РЦК Аліна Генрыхаўна Барадака.

Вялікую падтрымку ў вырашэнні многіх пытанняў аказваў і старшыня райвыканкама Іван Станіслававіч Маркевіч. Разам нам удалося правесці грандыёзную рэканструкцыю кінатэатра “Юнацтва”, у прамым сэнсе “паваяваць” за стары будынак універмага, каб там размясцілася раённая бібліятэка. Заўсёды карысныя, разумныя парады даваў намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве Уладзімір Леанідавіч Уэльскі – я і зараз з ім часта раюся.

Я заўсёды адчуваў падтрымку сваёй сям’і: якімі б моцнымі мы не былі, надзейны тыл – гэта аснова поспеху мужчыны-кіраўніка, за што вельмі ўдзячны любімай жонцы Тамары Уладзіміраўне. І калі надаралася магчымасць пабыць з ёй і дочкамі – у такія хвіліны быў самым шчаслівым у свеце. Землякам жадаю: любіце і цаніце сваю сям’ю, жывіце без крыўды, спяшайцеся зразумець адзін аднаго і дапамагчы. А кіраўніцтву раёна – вялікіх поспехаў і рабіць усё, каб народ стаў жыць лепш, мог не толькі працаваць, але і павесяліцца”.

…Самым важным для чалавека А. М. Кулак лічыць знайсці сваё месца ў жыцці – сваё вялікае “Я”. І яму гэта ўдалося на сто працэнтаў! Хочацца пажадаць юбіляру моцнага здароўя, ніколі не здавацца, заставацца ў страі яшчэ доўгія гады.

Алена ЗАЛЕСКАЯ