ТРАГЕДЫЯ Ў СТАЙКАХ

Закон и порядок

24 верасня ў 14.20 на пятым кіламетры аўтадарогі Валожын-Вішнева-Клім, на вуліцы вёскі Стайкі абарвалася жыццё шасцігадовай дзяўчынкі, жыхаркі горада Мінска. Дзіця загінула пад коламі аўтамабіля “Форд-Гелаксі”, якім кіраваў часова непрацуючы жыхар Валожына.

Праз некалькі хвілін пасля здарэння на месцы трагедыі ўжо працавала следча-аператыўная група. Адразу ж была выклікана і “хуткая”, але, на жаль, медыкі толькі канстатавалі смерць дзяўчынкі.

У час высвятлення абставін справы было ўстаноўлена, што прыкладна ў 14.20 на вясковай вуліцы гулялі дзеці. У гэты час раз’язджаліся два аўтамабілі, якія рухаліся ў супрацьлеглых напрамках. Дзяўчынка кінулася перабягаць вуліцу. Адну аўтамашыну прапусціла, а другую, магчыма, не заўважыла. Вадзіцель не паспеў своечасова зрэагаваць, адбыўся наезд. Нягледзячы на тое, што вадзіцель перажыў вялікі стрэс, ён выклікаў неабходныя службы, з месца здарэння не з’ехаў. Праведзеная медыцынская экспертыза не выявіла ў яго крыві алкаголю, супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі, што хуткасць яго аўтамабіля на момант аварыі была ў рамках дазволенай. Дарожныя ўмовы не маглі справакаваць аварыю: стаяў ясны, светлы дзень, асфальтавае пакрыццё было сухім, праезная частка – з неабходнай разметкай. Па папярэдніх звестках, аўтамабіль быў тэхнічна спраўны.

Па факту ДТЗ узбуджана крымінальная справа. Ступень вінаватасці вадзіцеля ў смерці дзіцяці будзе вырашаць суд.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий