Атрымліваць паштовыя адпраўленні цяпер можна з дапамогай СМС-кода

Общество

У аддзяленнях паштовай сувязі цяпер можна атрымліваць паштовыя адпраўленні з дапамогай СМС-кода без запаўнення паведамленняў і прад’яўлення пашпарта, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт «Белпошты».

Каб атрымліваць паштовыя адпраўленні з дапамогай СМС-кода, неабходна зарэгістравацца ў асабістым кабінеце і ўвесці даныя дакумента, які засведчвае асобу; раздрукаваць і запоўніць заяву (можна запоўніць і ў АПС); звярнуцца ў любое аддзяленне паштовай сувязі для ідэнтыфікацыі асобы (з сабой неабходна мець дакумент, які засведчвае асобу, даныя якога ўнесены пры рэгістрацыі).

«Дзякуючы гэтаму сэрвісу, больш не трэба будзе запаўняць папяровыя паведамленні і паказваць пашпарт. Для атрымання паштовага адпраўлення кліенту дастаткова назваць сваё прозвішча, адрас або нумар адпраўлення, а таксама нумар тэлефона, пазначаны пры рэгістрацыі. На гэты нумар паступіць СМС-код, які неабходна паведаміць аператару для атрымання паштовага адпраўлення. Сэрвіс прадастаўляецца бясплатна», — адзначылі ў «Белпошце».

Таксама на прадпрыемстве паведамілі, што адсачыць статус адпраўлення можна на іх сайце, а таксама з дапамогай мабільнага дадатку РУП «Белпошта». Пры адлюстраванні статусу «паступіла ва ўстанову дастаўкі» можна атрымліваць адпраўленне, не чакаючы папяровага паведамлення.