Журботна звоняць званы Хатыні: “Людзі добрыя, памятайце!”

"Минщина, мы тобой гордимся!" Важное Общество

Дэлегацыя Валожыншчыны: на пярэднім плане – прафсаюзныя лідары Вікенцій АДАМОВІЧ і Вераніка ЗАГОРСКАЯ, намеснік кіраўніка раёна Ігар ШАКУН.

22 сакавіка ў мемарыяльным комплексе “Хатынь” прайшло памятнае мерапрыемства, прымеркаванае да 78-й гадавіны Хатынскай трагедыі.

У ім прынялі ўдзел парламентарыі, члены ўрада, прадстаўнікі Узброеных Сіл, кіраўніцтва Мінаблвыканкама, работнікі розных арганізацый, звычайныя людзі і школьнікі. Яны ўшанавалі памяць бязвінных ахвяр хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да манумента.

Дэлегацыю Валожынскага раёна ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун. У яе ўвайшлі актывісты прафсаюзнага руху, раённых арганізацый РГА “Белая Русь”, Беларускага саюза жанчын, Камуністычнай партыі Беларусі, БРСМ.

Сярод цаглінак спаленых вёсак – Козлікі Валожынскага раёна.

 

Даніна павагі ад Узброеных Сіл.

22 сакавіка 1943 года Хатынь была сцёрта з твару зямлі. У гэты дзень зажыва згарэлі 149 чалавек, у тым ліку – 75 дзяцей, а таксама спалены 26 дамоў з гаспадарчымі пабудовамі. Гітлераўскія карнікі сагналі мясцовых жыхароў у хлеў, які стаяў на ўскрайку вёскі, і падпалілі. Тых, хто спрабаваў вырвацца з вогненнага пекла, расстрэльвалі з кулямётаў і аўтаматаў.

Цудам засталіся жывыя двое дзяцей – сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі. Іх, абгарэлых і параненых, падабралі і выгадавалі жыхары суседніх вёсак. Пасля вайны яны выхоўваліся ў дзіцячым доме г. п. Плешчаніцы.

Адзіны дарослы сведка Хатынскай трагедыі 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі апрытомнеў позна ноччу, калі фашысты ўжо пакінулі мясцовасць. Сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына – хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі. Гэты трагічны момант пакладзены ў аснову скульптуры “Непакораны чалавек”.

На месцы спаленай вёскі 5 ліпеня 1969 года адкрылі вядомы ўсяму свету мемарыяльны комплекс “Хатынь”, які стаў сімвалам ахвяр, пакут і мужнасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Хатынь не адна: яе лёс паўтарылі больш за 9 тысяч вёсак.

Нашчадкі таксама памятаюць…

 

Кветкі да манумента ад прадстаўнікоў «Белай Русі».

 …У той дзень з самай раніцы ў Хатыні гучала жалобная малітва: бясконцыя патокі людзей рухаліся да вечнага агню. Той жа вуліцай, якая памятае страшныя падзеі ваенных гадоў, прайшоў і прэм’ер-міністр Беларусі Раман Аляксандравіч Галоўчанка. Ён адзначыў: “З дзяцінства мы памятаем фразу: “Попел Хатыні стукае ў нашы сэрцы”. Але ў яе ёсць і працяг, сугучнае выказванне гісторыка Карамзіна: “У халоднага попела памёршых няма іншага заступніка, акрамя нашага сумлення”. І сёння мы па-новаму асэнсоўваем гэтыя словы. Калі гаварыць пра сумленне, аб тым, што рухае кожным чалавекам у яго ўчынках, пра маральны выбар, то мы зараз ведаем намнога больш пра Хатынь, чым калі былі школьнікамі, студэнтамі. Адкрыліся архівы, дзякуючы чаму выявіліся новыя старонкі ў гісторыі гэтай трагедыі беларускага народа. І адзін з урокаў, які мы можам вынесці: у зла няма нацыянальнасці”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара