Будзем помніць вечна

Общество

Вянок ад Саюза жанчын да мемарыяла “Загінуўшых чакаюць вечна”.

На мінулым тыдні ў вёсцы Доры прайшло мерапрыемства ў рамках маштабнай рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Памяць”, прымеркаванай да гадавіны Хатынскай трагедыі.

На мінулым тыдні ў вёсцы Доры прайшло мерапрыемства ў рамках маштабнай рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Памяць”, прымеркаванай да гадавіны Хатынскай трагедыі.

Арганізатары, у першую чаргу Беларускі саюз жанчын, правялі шэраг сустрэч у месцах, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны ахвярамі зверстваў акупантаў сталі мірныя жыхары краіны. Падчас акцыі мемарыялы, помнікі і тэрыторыі вакол іх прыведзены ў парадак.

У памятным месцы шчыруе працоўны дэсант.

Ініцыятыву наконт высадкі працоўнага дэсанта з ліку людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй у Дорах падтрымаў Валожынскі райвыканкам. Да грамадскіх арганізацый далучыліся прадстаўнікі органаў улады, жыхары вёскі, вучні і настаўнікі мясцовай школы. Хутка і якасна яны выканалі работу па ачыстцы даволі значнай тэрыторыі вакол мемарыла “Загінуўшых чакаюць вечна”, затым правялі мітынг у гонар ахвяр фашызму. Як вядома, 23 ліпеня 1943 года ў дорскай царкве (менавіта яе падмурак стаў асновай мемарыла) карнікі спалілі 146 мясцовых жыхароў, сярод якіх былі 36 дзяцей. Прысутныя ўшанавалі іх памяць пранікнёнымі словамі, хвілінай маўчання, ускладаннем кветак і вянкоў.

У мітынгу прынялі ўдзел старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Тамара Красоўская, лідар раённай жаночай арганізацыі Галіна Рай, намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Ігар Шакун, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Ракавец.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ