Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Цэлы тыдзень, з 15 па 19 сакавіка, навучэнцы групы № 29-36 Валожынскага сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя праходзілі навучанне ў рэсурсным цэнтры па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў” па кваліфікацыі “швачка” на базе Барысаўскага дзяржаўнага каледжа. Адначасова са сваімі выхаванкамі стажыравалася майстар вытворчага навучання Алена Юр’еўна Карповіч.

 У рэсурсным цэнтры ў навучэнцаў была магчымасць асвоіць сучасныя тэхніку і абсталяванне, тэхналогію, перадавыя прыёмы і метады работы. Яны навучыліся карыстацца хуткасным швейным абсталяваннем, выконваць запраўку і асноўныя рэгуліроўкі ўніверсальных спецыяльных швейных машын і паўаўтаматаў. Таксама асвоілі прамысловыя прыёмы і метады апрацоўкі швейных вырабаў. Усё гэта дапаможа будучым швачкам хутчэй асвоіцца на рабочых месцах.

Праз пэўны тэрмін усе медработнікі ў абавязковым парадку праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі, дзе набываюць новыя веды і ўдасканальваюць майстэрства.

З 29 сакавіка на курсы пры Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі паедзе ўрач агульнай практыкі раённай паліклінікі Т. А. Цаюн. 7 сярэдніх медыцынскіх работнікаў у сакавіку прайшлі курсы на базе Барысаўскага, Слуцкага і Мінскага дзяржаўных медыцынскіх каледжаў. Гэта медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Д. Я. Галоўчыц, медсястра працэдурнага кабінета паліклінікі І. У. Трухоўская, іх калегі з касметалагічнага кабінета В. М. Лоўчая, з гінекалагічнага аддзялення Г. З. Бушланава, аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі райбальніцы Т. В. Яцына. Таксама на курсах пабывалі рэнтгенлабарант Ракаўскай участковай бальніцы В. В. Галабурда і фельчар-лабарант Івянецкай гарпасялковай бальніцы І. Г. Рудовіч.

8 многафункцыянальных ложкаў з тумбачкамі і супрацьпролежневымі матрацамі перадалі ў раённую бальніцу дабрачынная арганізацыя “Адра” разам з раённым таварыствам інвалідаў.

З дапамогай гэтага “тандэма”, які даўно і плённа супрацоўнічае з установамі нашага раёна, 14 спецыяльных парт дастаўлены ў школы, дзе вучацца дзеці з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Аднымі з першых адчуваюць вясну птушкі, якія пачынаюць вяртацца з выраю ў родныя мясціны. А іншыя, што застаюцца ў Беларусі на зімоўку, пачынаюць “шлюбныя гульні”. Ужо пачалі такаванне глушцы, вырашчаныя ў спецыяльным гадавальніку Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі”.

Эксперымент па вывядзенні птушанят глушца натуральным шляхам працягваецца. Патомства ўжо было атрымана ў 2019 і ў 2020 гадах. Сёлета на кожнага з чатырох самцоў прыпадаюць па 3-4 самкі. Птушкі пераведзены ў вулічныя вальеры. Падчас шлюбнага перыяду для іх арганізавана ўзмоцненае харчаванне. Дарэчы, птушкі вельмі любяць “коцікі” з вярбы, замарожаныя чарніцы і журавіны. У іх рацыёне таксама сасна і зерневыя. У заказніку цяпер устаноўлена зона цішыні і спакою.

Літаратурнае аб’яднанне “Пісьменнікі ў Інтэрнэт-прасторы” пры Нацыянальным аб’яднанні пісьменнікаў Украіны праводзіла Міжнародны літаратурны экспрэс-конкурс “Лепшы твор 2020 года”.

 Вельмі прыемна, што сярод вялікай колькасці ўдзельнікаў і твораў быў заўважаны верш “Хатынь” члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК, бібліятэкара Валожынскага ліцэя Людмілы Садоўскай. Гэты патрыятычны твор быў прызнаны лепшым, а аўтар атрымала Дыплом пераможцы за высокае літаратурнае майстэрства.

Мінская абласная арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа перадала ў наш раён 300 кілаграмаў адзення, якое сабралі жыхары сталіцы.

Асабліва многа там дзіцячага адзення. Атрымаць дапамогу могуць у першую чаргу мнагадзетныя і няпоўныя сем’і, а таксама іншыя катэгорыі жыхароў раёна, якія маюць у гэтым патрэбу.

Культурнае жыццё паціху набірае абароты, і людзі ўспомнілі пра канцэрты, спектаклі, экскурсійныя паездкі, якіх з-за эпідэміялагічнай абстаноўкі былі пазбаўлены амаль год.

 17 членаў калектыву гімназіі № 1 г. Валожына пабывалі на спектаклі тэатра імя М. Горкага “Пане Каханку”. Цікавы гістарычны сюжэт, цудоўная ігра акцёраў пакінулі добрае ўражанне і прымусілі задумацца пра далейшыя паездкі.