28 САКАВІКА – ДЗЕНЬ РАБОТНІКАЎ БЫТАВОГА АБСЛУГОЎВАННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА І ЖЫЛЛЁВА-КАМУНАЛЬНАЙ ГАСПАДАРКІ

Общество Официально

Калектыў камбіната бытавога абслугоўвання ганарыцца прыёмшчыкамі заказаў Таццянай Іосіфаўнай МАЗОЛЬ і Вольгай Барысаўнай ПЯЦЬКО, закройшчыкам Таццянай Сяргееўнай ІОДА, швачкай Таццянай Пятроўнай ПАШКОЎСКАЙ, якія добрасумленна і адказна ставяцца да сваіх працоўных абавязкаў, заўсёды стараюцца выканаць даведзеныя паказчыкі. Вялікі вопыт, жанчыны прысвяцілі працы ў бытавой сферы шмат гадоў, дазваляе выдатна спраўляцца з пастаўленымі задачамі.

 

Бытавыя паслугі былі і застаюцца аднымі з самых запатрабаваных у насельніцтва. Яны павінны быць даступны кожнаму жыхару нават самай малой і аддаленай вёсачкі.

Раённы камбінат бытавога абслугоўвання прадстаўляе сабой вялікую структуру, куды ўваходзяць Дом быту г. Валожына і восем сельскіх комплексных прыёмных пунктаў: Багданава, Вішнева, Гародзькі, Дубіна, Івянец, Суднікі, Пяршаі, Ракаў. У складзе яго працуюць пральня, вытворчая база, магазін рознічнага гандлю, у мінулым годзе пачала дзейнічаць памінальная зала. Насельніцтву аказваюцца 16 відаў паслуг, у тым ліку 11, што прадугледжаны дзяржаўным сацыяльным стандартам.

Працуюць у КБА 46 чалавек. Выручка арганізацыі ад рэалізацыі работ, паслуг за 2020 год склала 676 тысяч рублёў, тэмп росту да аналагічнага паказчыка 2019 года – 106,7%. Прадукцыйнасць працы на аднаго работніка – 17,8 тысячы рублёў, тэмп росту – 109,3%. Бытавых паслуг аказана на 314 тысяч рублёў, тэмп росту – 109,5%. Такія вынікі сталі магчымымі дзякуючы добрасумленнай працы ўсіх вытворчых падраздзяленняў, спецыялістаў і рабочых.

Па выніках мінулага года на Івянецкім комплексным прыёмным пункце, загадчыкам якога з’яўляецца Марына Казіміраўна ПРЫЁМКА, забяспечаны ўсе асноўныя паказчыкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. План выкананы на 101,5%, тэмп росту ў параўнанні з 2019 годам склаў 101%.

Марына Казіміраўна больш за 32 гады працуе ў сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва. Пасля заканчэння Мінскага тэхналагічнага тэхнікума тэхнолаг швейнай вытворчасці атрымала размеркаванне ў Дзятлаўскі раён. Праз год карэнная жыхарка Івянца вярнулася на малую радзіму, дзе ўладкавалася ў Івянецкі дом быту. На той час гэта была вялікая арганізацыя: там працавала шмат людзей, прапаноўваліся розныя віды бытавых паслуг, якія карысталіся вялікім попытам.

Пасля на некалькі гадоў жанчына перабралася ў Валожын, дзе стала начальнікам вытворчага аддзела Дома быту райцэнтра. Калі ж выйшла замуж, то вярнулася ў Івянец і ўзначаліла мясцовы Дом быту. Сёння гэта ўжо комплексны прыёмны пункт. У падначаленні ў Марыны Казіміраўны знаходзяцца 3 чалавекі: цырульнікі Святлана Аляксандраўна Шапарэвіч і Алена Сяргееўна Шастак, майстар па рамонце абутку і швачка па сумяшчальніцтве Валянціна Іванаўна Бурачэўская. Усе работнікі гэтага маленькага калектыву адданыя сваёй справе і зацікаўлены ў атрыманні добрых вынікаў, таму і дасягнулі самых высокіх паказчыкаў у абслугоўванні сельскага насельніцтва.

Праца па абслугоўванні насельніцтва ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі – вялікая адказнасць. Каб своечасова справіцца з усімі задачамі, што стаяць перад РУП “Валожынскі жылкамунгас”, дружны калектыў пад кіраўніцтвам дырэктара  Міхаіла Міхайлавіча Унучака не шкадуе сіл і часу. Кожны з супрацоўнікаў нясе поўную адказнасць за даручаны яму ўчастак работы.

 

Адным з самых складаных і шматгранных звёнаў прадпрыемства з’яўляецца бухгалтэрыя. У структурным падраздзяленні самыя вопытныя работнікі – Ірына Іванаўна Рагачэвіч і Святлана Іванаўна Наквас. Стаж работы ў арганізацыі гэтых жанчын перавышае 30 гадоў. Усяго ж у камандзе, якой кіруе галоўны бухгалтар  Жанна Міхайлаўна Марчук, працуюць восем спецыялістаў.

Ірына Іванаўна РАГАЧЭВІЧ з прафесіяй вызначылася яшчэ ў школе. На выбар дачкі паўплывала маці – заўважыла схільнасць да дакладных навук і дала ёй слушную параду. Ірына атрымала спачатку сярэднюю спецыяльную, а затым і вышэйшую адукацыю. Сёння яна адказвае за налічэнне аплаты за камунальныя паслугі для ўсіх юрыдычных асоб раёна. Праца няпростая і даволі напружаная. Аднак адукацыя і вопыт у спалучэнні з працавітасцю ніколі не падводзяць прафесіянала. Па выніках работы за мінулы год Ірына Іванаўна адзначана Падзякай дзяржаўнага аб’яднання “Жыллёва-камунальная гаспадарка  Мінскай вобласці”. Узнагарода – гэта заўсёды прыемна, але І. І. Рагачэвіч упэўнена: высокая адзнака яе заслуг з’яўляецца адзнакай работы ўсёй бухгалтэрыі.

Аксана Валянцінаўна Субач працуе ў жылкамунгасе з 2007 года. Маладая, энергічная і, як падкрэслілі ў адміністрацыі прадпрыемства, перспектыўная працаўніца нясе адказнасць за парадак на могілках, што стаяць на балансе арганізацыі, а гэта 32 аб’екты.

Аксана Валянцінаўна заклапочана пастаноўкай на ўлік кожнага пахавання, занясення яго ў спецыяльны рэгістр. Толькі на гарадскіх могілках ёй унесены ў ведамасць інвентарызацыі шэсць тысяч месцаў пахавання. І гэта складаная работа працягваецца.  Разам з начальнікам участка добраўпарадкавання Алегам Генрыхавічам Паталеем Аксана Валянцінаўна сочыць і за добраўпарадкаваннем месцаў, якія ў душы кожнага чалавека выклікаюць павагу. Хоць работа звязана не з самымі жыццярадаснымі мясцінамі Валожыншчыны, выконвае яна яе дакладна і ніколі не губляе аптымізму. А ў асабістым жыцці гэта ласкавая і пяшчотная жонка і матуля, цудоўная калега, якая карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у калектыве. Да прафесіянальнага свята  А. В. Субач адзначана Ганаровай граматай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

ЖКГ сёння: Лічбы І факты

У РУП “Валожынскі жылкамунгас” працуюць  387 чалавек, сярэднямесячная зарплата якіх складае 736 руб.

Зводны мэтавы паказчык Дзяржаўнай праграмы па зніжэнні затрат на аказанне паслуг насельніцтву ў супастаўленых  умовах да мінулага года пры заданні не менш за 5% склаў 5,1%.

Паказчык па зборы плацяжоў за паслугі, аказаныя фізічным і юрыдычным асобам, склаў 98,8% пры заданні 95%.

Паказчык па ўвядзенні ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў пасля капітальнага рамонту склаў 7,7 тыс. кв. м пры плане 6,2 тыс. кв. м.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, паслуг у 2020 годзе ў разліку на аднаго работніка склала 34,5 тыс. руб. Дабаўлены кошт на аднаго занятага – 13,3 тыс. руб.

Фактычны сабекошт паслуг па цеплазабеспячэнні склаў 119,3 руб. за 1 Гкал пры ўстаноўленай ПРЦ 125,8 руб.

Фактычны сабекошт паслуг па рабоце з цвёрдымі камунальнымі адходамі склаў 11 руб. за 1 куб. м пры ўстаноўленай ПРЦ 11 руб.

Фактычны сабекошт паслуг па водазабеспячэнні склаў 1,1 руб. за 1 куб. м пры ўстаноўленай ПРЦ 1,1 руб.

Фактычны сабекошт паслуг па водаадвядзенні склаў 1 руб. за 1 куб. м пры ўстаноўленай ПРЦ 1 руб.

Па выніках работы ў эканоміку прадпрыемства прыцягнуты інвестыцыі на суму 682 тыс. руб., што склала 115,8 % ад сумы налічанай амартызацыі.

Для перапрацоўкі цвёрдых камунальных адходаў у мінулым годзе прадпрыемства набыло сартавальную лінію, якая дазваляе атрымліваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы ў выглядзе шкла і пластыка.