ВЯЛІКІ ГОНАР НАЗЫВАЦЦА ЛЕПШЫМІ

Официально

З усёй рэспублікі ў мінулую пятніцу ды і напярэдадні ўсе дарогі ў літаральным сэнсе слова вялі ў горад Маладзечна. Менавіта яму выпаў гонар стаць сталіцай правядзення пятнаццатага юбілейнага Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2011”. Сэнс і прызначэнне свята зразумелы – урачыста ўшанаваць лепшых хлебаробаў краіны, падкрэсліць значнасць аграрнага сектара ў эканоміцы рэспублікі, у фарміраванні харчовай бяспекі краіны. Нездарма ў гэтым маштабным форуме традыцыйна прымае ўдзел і Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка. Так было і на гэты раз.

З рук кіраўніка дзяржавы лепшыя з лепшых камбайнеры, маладзёжныя экіпажы, спецыялісты АПК, кіраўнікі раённай вертыкалі, старшыні сельгаспрадпрыемстваў атрымалі Ганаровыя дыпломы, унушальныя грашовыя прэміі, ключы ад легкавых аўтамабіляў, а таксама пачулі добразычлівыя словы падзякі за бездакорную працу. А ў наступны фестывальны дзень пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, якія занялі другія і трэція месцы, вітаў намеснік прэм’ер-міністра краіны Валерый Іваноў.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час свайго выступлення ў Летнім амфітэатры падкрэсліў важнасць самазабеспячэння краіны ўласнай прадукцыяй. Адышлі ў мінулае тыя часы, калі мы імпартавалі з-за мяжы зерне і інш. Мяркуецца, што сёлета Беларусь адправіць на экспарт прадукцыі ў агульным аб’ёме 4 мільярды долараў. Харчовая бяспека з’яўляецца гарантам незалежнасці нашай краіны. Аграрная галіна становіцца надзейнай крыніцай валютных паступленняў у дзяржаўную казну. А сёлета валавы збор зерня ў нашай краіне склаў 8,1 мільёна тон, што на 1 мільён тон перасягае намалот мінулага года. Выніковая лічба ўзрасце, бо чакаецца неблагі ўраджай такой бялковай культуры, як кукуруза…

Па сумарнаму аналізу ўсіх ключавых паказчыкаў лепшай сёлета стала Магілёўская вобласць.

Магілёўшчына ў наступным годзе і будзе прымаць гасцей чарговых “Дажынак”. Іх плануецца правесці ў Горках. Абсалютным лідарам па намалоту ў Беларусі лічыцца Уладзімір Корсак, які працуе ў агракамбінаце “Зара” Магілёўскай вобласці. Сёлета ён дабіўся рэкорднага збору ўраджаю – больш за пяць тысяч тон. Сярод маладых камбайнераў лепшым стаў Сяргей Шалуха з агракамбіната “Ждановічы”, што ў Мінскім раёне. Рэкорды і ў будучым на жніўных палетках будуць расці, множыцца! У сваім звароце да ўдзельнікаў рэспубліканскага свята А. Р. Лукашэнка расказаў пра перспектывы аграрнай галіны і зазначыў, што ў 2015 годзе ў рэспубліцы плануецца сабраць 12 мільёнаў тон ураджаю, а экспарт сельгаспрадукцыі давесці да 7 мільярдаў долараў.

Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні акцэнтаваў увагу на тым, што сёння важныя не толькі аб’ёмныя паказчыкі, а і рэнтабельнасць вытворчасці, захаванне тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліны. Ён падкрэсліў, што “трэба навучыцца зарабляць. Лічыць не толькі выручку, але і прыбытак ад продажу”.

А. Лукашэнка выказаў словы шчырай падзякі ў адрас старшыні Мінаблвыканкама Б. В. Батуры. Упершыню ў час падрыхтоўкі да правядзення “Дажынак” сродкі, выдаткаваныя на рэспубліканскае свята, мудра і рацыянальна расходаваліся не толькі на абнаўленне горада, але і на рэканструкцыю і будаўніцтва сельскагаспадарчых аб’ектаў у раёне. Да таго ж Міншчына сустрэла галоўнае хлебаробскае свята заслужаным поспехам. На палетках сабрана больш за 2 мільёны тон зерня і зернебабовых, плюс да мінулага года склаў 300 тысяч тон. Дарэчы, каравай з новага ўраджаю ў час урачыстага адкрыцця фестывалю ўручыў Прэзідэнту старшыня агракамбіната “Сноў” Мікалай Радаман.

Была яшчэ раз падкрэслена важнасць “Дажынак” у плане маштабнага добраўпарадкавання і адраджэння райцэнтраў і гарадоў, наданне ім новага сучаснага аблічча, якое адпавядае статусу чарговай сталіцы рэспубліканскага свята. Непазнавальна змянілася і Маладзечна. Узведзены Летні амфітэатр, завершана будаўніцтва новага спартыўна-забаўляльнага комплексу, выкананы рамонтныя работы ў дзіцячай бальніцы, адрамантаваны многія аб’екты сацыяльна-культурнага, бытавога прызначэння. Вырас і новы мікрараён “Усходні” з 27 жылых дамоў.

У памяць аб правядзенні рэспубліканскага фестывалю хлебаробаў кіраўнік дзяржавы ў гарадскім парку горада Маладзечна пасадзіў дрэва ў новай закладзенай алеі.

Не будзе перабольшаннем сказаць, што паміж сталіцамі “Дажынак” ідзе негалоснае творчае спаборніцтва: каб арганізаваць і правесці свята адметна, запамінальна, каб унесці ў праграму выразны шарм, непаўторную самабытнасць. На гэты раз прадэманстраваць свае сілы выпаў шанц Міншчыне. А наша зямля багатая на таленты, на адораных неардынарных людзей. Усе залацінкі фальклорнай спадчыны, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, песеннай і музычнай культуры былі сабраны ў адзін святочны вянок. Не толькі цэнтральныя вуліцы і галоўная плошча горада ператварыліся на тры дні ў яркія сцэнічныя пляцоўкі. Нават дарогі да Маладзечна былі месцамі падобныя на тэатральныя дэкарацыі на сялянскія тэмы.

Парадам творчых здабыткаў стаў Вялікі Гасцінец. Па ім да Летняга амфітэатра ўрачыстым шэсцем прайшлі героі сёлетняга жніва. Іх шчыра віталі маладзечанцы і госці амаль стотысячнага горада. Гэта шэсце было наладжана за некалькі гадзін да пачатку афіцыйнага ўзнагароджвання тых, хто заняў першыя месцы ў рэспубліканскім працоўным спаборніцтве па выніках сёлетняй уборкі. Шэсце было сапраўды трыумфальным. Паабапал цэнтральнай вуліцы тоўпіўся шматлікі люд: школьнікі, маладыя мамы з дзецьмі, пажылыя людзі, члены БРСМ, “Белай Русі” ў сваёй яркай і прыгожай экіпіроўцы.

«Хлопчыкі-буслікі», «хлопчыкі-ўраджаі», «хлопчыкі-каласкі» з захапленнем на цэнтральных вуліцах расказвалі пра асноўныя падзеі свята. Ім дапамагалі ў гэтым і прыгажуні з фальклорных калектываў. Усім спадабаўся і такі творчы ход: у спецыяльных «дажынкаўскіх» касцюмах з дзіцячымі прагулачнымі каляскамі, аформленымі з вялікай фантазіяй і густам, на свяце можна было сустрэць дзесяткі сямейных пар. Увагу прысутных прыцягвалі дэкарыраваныя экіпажы, сялянскія павозкі.

Вялікі Гасцінец, задавалася, патанаў у бездані прыгожых фарбаў касцюмаў народных калектываў, вядомых фальклорных персанажаў, якія сімвалізуюць багацце і шчодрасць нашай беларускай зямлі. Шматметровыя вытанчанай прыгажосці і дызайна вянкі з саломкі, аздобленыя васількамі, а таксама саламяныя капелюшы, хлебныя снапы, караваі… Усё гэта сведчыла пра тое, якая багатая і шчодрая беларуская зямелька, якія таленавітыя тут жывуць людзі.

Кульмінацыя свята – ушаноўванне прызёраў рэспубліканскага спаборніцтва – пачалася ў 15 гадзін. Але задоўга да гэтай падзеі пачалі збірацца людзі на цэнтральных вуліцах і плошчы горада. Актыўна запаўняцца ўлонне горада пачало ўжо ў восем раніцы. На некалькі кіламетраў распасцерся горад майстроў. Кожны раён Міншчыны, і не толькі, дэманстраваў тут усё, чым багаты іх край. Майстар-клас давалі знаўцы саломапляцення, сваю прадукцыю прапаноўвалі бондары, ганчары. Увішна завіхаліся за ткацкімі станкам як мужчыны, так і жанчыны. Яркімі вясёлкамі ігралі вышываныя ручнікі, сурвэткі. Усяго, што тут можна было пабачыць, нельга нават і пералічыць. Каб усё абысці цалкам, што было падстаўлена на дажынкаўскім кірмашы, спатрэбіўся б, напэўна, мінімум тыдзень. Настолькі вялікая і шматгранная была праграма! Ды і надвор’е паспрыяла добраму адпачынку маладзечанцаў і шматлікіх гасцей фестывальнай сталіцы.

Другі фестывальны дзень таксама быў насычаны рознымі мерапрыемствамі. Адбыўся маладзёжны парад «Будучыня Беларусі», працягваліся выступленні артыстаў у амфітэатры і на цэнтральнай плошчы.

У Маладзечне фінішаваў і сельскагаспадарчы маладзёжны праект “Валадар вёскі”, у якім прымалі ўдзел пераможцы абласнога этапа. Разнастайныя акцыі, дыскатэкі, творчыя акцыі праводзіліся ў рэжыме нон-стоп. Незабыўнае ўражанне пакінулі і канцэрты, якія адбыліся на сцэнічнай пляцоўцы новага амфітэатра.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *