Нельга чапаць гісторыю бруднымі рукамі…

"Минщина, мы тобой гордимся!" Важное

Напярэдадні апісаных на першай і другой старонках нашай газеты падзей у Хатыні адбыўся мітынг-рэквіем з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Запомніліся і вельмі ўзрушылі душу словы яго выступлення. Кіраўнік дзяржавы перад чарговай гадавінай Хатынскай трагедыі звярнуўся да тых, хто свядома спрабуе адрадзіць сімвалы нацызму. Хай гэта адзінкі, але такія, на жаль, ёсць у сучаснай Беларусі, адзначыў у той вечар Прэзідэнт.

«…Я звяртаюся да ўсіх, хто перакананы, што фашызм «нёс на нашу зямлю цывілізацыю»; хто гераізуе забойцаў; хто пакланяецца БЧБ-сцягам, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народа. Мы заняліся гэтай праблемай, і мы дакажам і пакажам усяму свету, што такое генацыд і што тыя, хто сёння нас спрабуюць павучаць, як жыць, як мінімум не маюць на гэта права. Усім вам, аблудным і адурманеным, кажу: «Ідзі і глядзі!» Ідзі ў Хатынь, Боркі, Олу, Дальву, Усакіна, Шунеўку, Азарычы, да мемарыялаў «Трасцянец», «Яма», «Чырвоны Бераг».

Глядзі: вачамі дзіцяці, якое   выжыла пад целам забітай маці; вачамі дзяцей, кінутых паміраць у калодзеж; вачамі застрэленай цяжарнай жанчыны, што так і не спазнала шчасця мацярынства; вачамі бацькі, які дастаў з попелу мёртвага сына; вачамі павешаных бездапаможных старых…» – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

За гэтымі словамі – боль і праўда скалечанага, спакутаванага, але не зломленага жорсткім ворагам легендарнага пакалення. У кожнага з нас у сям’і нехта пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Памятаю, як слязіліся блакітныя вочы бабулі, якую вывезлі на Нямеччыну ў палон і прымусілі працаваць на «гаспадароў», калі яна расказвала пра тыя часы. Як дрыготкім ад стрымліваемых слёз голасам яна паўтарала прыказку «На чужой староначцы рад сваёй вароначцы». Нават птушкі, здавалася, маглі перадаць вестачку на далёкую Бацькаўшчыну. Таму ўпотайкі глядзела ў неба і прасіла іх гэта зрабіць…

Гэта толькі адна гісторыя. А такіх  – сотні і тысячы. У кожнага з нас. Дык няўжо мы можам дазволіць, каб яны патанулі ў нябыце перапісанай бруднымі рукамі гісторыі, у якой няма месца перажытаму нашымі роднымі болю, затое такімі сардэчнымі і душэўнымі аказваюцца акупанты, гатовыя аддаць галоднаму дзіцяці апошнюю шакаладку, а цэламу народу падарыць асвету і вывесці на прасторы Еўропы як самастойную нацыю?

Нашы бабулі і дзядулі выпакутавалі сабе і нам будучыню. Кім мы будзем, калі дазволім сабе ўсумніцца ў іх волі і выбары? Сёння перад усім грамадствам таксама стаіць выбар. Важна зрабіць яго правільна.

Сяргей САДОЎСКІ