ПАДАРУНКІ ДА ЮБІЛЕЮ

Официально

У сярэдзіне кастрычніка Чэхаўшчынская дапаможная школа-інтэрнат будзе святкаваць свой 50-гадовы юбілей. Менавіта ў 1961 годзе яна атрымала статус інтэрнатнай установы для дзяцей-інвалідаў. Той, хто ўжо паспеў пабываць тут, змог у поўнай меры ацаніць усе пераўтварэнні і перабудовы, якія адбыліся.

Першае, што кідаецца ў вочы, – прышкольная тэрыторыя: шматгадовыя аварыйнага стану дрэвы, якія зацямнялі і вучэбныя класы, і двор, саступілі месца прыгожым кветнікам, фантану і сучаснай, у паляўнічым стылі, альтанцы для адпачынку, з’явілася новая бетонная агароджа. У класах і спальнях цалкам абнавіўся інтэр’ер, драўлянае пакрыццё пакладзена на падлогу спартыўнай залы, а сучасным душавым і насамрэч можна пазайздросціць. І ўсё гэта дзякуючы ініцыятыве, творчым ідэям і працавітым рукам адміністрацыі, педагагічнага калектыву і тэхперсаналу, а таксама спонсарскай дапамозе.

Зусім нядаўна яшчэ адзін каштоўны і такі патрэбны школе падарунак атрымалі выхаванцы і педагогі. Гуманітарныя валанцёры з ЗША Кіт і Прысцыла Хаф, якія прадстаўляюць Міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Сафія” ў Рэспубліцы Беларусь, падарылі ўстанове новую прафесійную пральную машыну на васемнаццаць кілаграмаў бялізны, сушыльнае абсталяванне і электрапліту. Старая тэхніка даўно выйшла са строю і патрабавала капітальнага рамонту.

Дэвіз арганізацыі – “Дапамагаць людзям, каб у далейшым яны змаглі дапамагчы сабе самі” – яскрава сведчыць, што валанцёры арганізацыі супрацоўнічаюць з тымі ўстановамі, якія самі шукаюць шляхі для вырашэння сваіх праблем і гатовы прыкласці дзеля гэтага ўсе намаганні, з тымі, каму патрэбна толькі першапачатковая падтрымка. Летам замежныя госці наведалі школу-інтэрнат, вывучылі праблему і склалі спіс таго, што неабходна ў першую чаргу. І вось праз некалькі месяцаў, на закрыцці праекта, яны змаглі на свае вочы ўбачыць новую тэхніку ў рабоце. Яны падзякавалі настаўнікам за тое, што ўсё зроблена якасна і па-гаспадарску, як для дома.

“Аднак на гэтым, – заўважыў дырэктар школы Арцём Барысавіч Балабан, – мы не думаем спыняцца. З набыццём новай пральнай машыны і сушылкі востра паўстала пытанне рамонту даху над пральняй. Гэта справа наступная ў чарзе найбольш неабходных”.

Зараз у школе-інтэрнаце жывуць і вучацца 63 выхаванцы. У хуткім часе дабавіцца яшчэ 11, бо ў планах – адкрыццё на базе ўстановы аздараўленчага лагера для дзяцей з інтэлектуальнымі недахопамі, якія займаюцца ў інтэграваных класах школ раёна. Першую, эксперыментальную групу плануецца прыняць у студзені будучага года тэрмінам на месяц. Вучні будуць праходзіць курс аздараўлення і адначасова вучыцца ў асяроддзі сваіх равеснікаў, каб не выпасці надоўга з вучэбна-выхаваўчага працэсу. А галоўная задача для адміністрацыі сёння – набыць для гэтага медыцынскае абсталяванне, апараты для прафілактыкі рэспіраторных захворванняў і абсталяваць працэдурныя кабінеты.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *