Варанюк: памяць аб продках — у аснове кода нашай нацыі

Общество

Памяць аб продках — у аснове кода нашай нацыі, заявіў журналістам першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк. Сёння на тэрыторыі будучага інфармацыйнага цэнтра мемарыяльнага комплексу «Трасцянец» праходзіць маладзёжная працоўная акцыя, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

«Справа захавання памяці сёння для беларусаў — гэта не проста нейкая задача, гэта сэнс выжывання нас як нацыі. Таму што тут пад нашымі нагамі ў гэтым святым і адначасова трагічным месцы зямля напоўнена слязамі і крывёю тысяч загінулых савецкіх грамадзян. І самае цынічнае, што 6 тыс. чалавек былі спалены і знішчаны на гэтым месцы ў апошнія дні, калі адступалі фашысты. І пры адступленні яны вырашылі проста пасля сябе нічога не пакідаць. Пасля гэтага яны ўцяклі, схаваліся і сёння спрабуюць нам прыдумаць нейкія даты для пакланення, прыдумаць нейкія новыя нагоды. Але ў нас у аснове кода нашай нацыі — памяць аб усіх нашых продках. Памяць аб тым, што мы ўсе павінны жыць у міры. Мы ўсе павінны памятаць, што адбывалася і ні ў якім разе не дапускаць гераізацыі нацызму. На гэта ў бліжэйшы час будзе накіраваны шэраг законапраектаў», — сказаў Дзмітрый Варанюк.

Сёння прадстаўнікі БРСМ, дырэкцыі Беларускага культурнага цэнтра духоўнага Адраджэння добраўпарадкуюць тэрыторыю і прыбіраюць унутранае памяшканне будучага цэнтра. Да маладзёжнай ініцыятывы далучыліся прадстаўнікі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, РГА «Патрыёты Беларусі».

«Сёння моладзь БРСМ разам з грамадскімі арганізацыямі краіны патрыятычнай накіраванасці працуе і закладвае ўнікальны інфармацыйны цэнтр, дзе нашы юныя грамадзяне змогуць даведацца праўду аб усіх гістарычных падзеях, факты. Пабываўшы тут, ніхто не зможа застацца абыякавым. І мы гаворым усім і даём пасыл нашым грамадзянам, што наша галоўная задача — працаваць і, вядома ж, памятаць. Такімі помнікамі ўсеяна беларуская зямля. Я думаю, што тых, хто глядзіць на нас з нябёс, мы не падвядзём у справе захавання памяці, міру і шчасця на нашай беларускай зямлі», — адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ.

Удзельнікі працоўнай акцыі ўшанавалі памяць ахвяр фашызму, усклалі кветкі да манумента «Брама памяці» і запалілі лампады.

Па колькасці ахвяр фашызму канцлагер Трасцянец стаў чацвёртым пасля Асвенцыма, Майданека і Трэблінкі. Згодна з афіцыйнымі данымі, у лагеры смерці Трасцянец па-зверску замучаны, расстраляны і спалены больш за 206,5 тыс. чалавек. 22 чэрвеня 2015 года на месцы канцлагера адкрыты мемарыяльны комплекс «Трасцянец» з 10-метровым цэнтральным манументам «Брама памяці», які стаў працягам мемарыяла, пабудаванага тут у 1960-я гады.

Рашэнне аб тым, што грамадскія арганізацыі патрыятычнай накіраванасці акажуць садзейнічанне беларускаму культурнаму цэнтру духоўнага Адраджэння ў стварэнні інфармацыйнага цэнтра ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец» прынята ў час адкрытага дыялогу «Беларусь: учора, сёння, заўтра», які адбыўся па ініцыятыве БРСМ у Белай зале Храма-помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі, 22 сакавіка, у дзень памяці ахвяр хатынскай трагедыі. У час дыялогу дзесяць грамадскіх арганізацый Беларусі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні.

У будучым інфармацыйным цэнтры плануецца стварыць і размясціць пастаянна дзеючую музейную экспазіцыю, прысвечаную памяці загінулых мірных жыхароў — беларусаў, савецкіх ваеннапалонных, а таксама грамадзян Аўстрыі, Германіі, Польшчы і Чэхаславакіі, якія знаходзіліся ў створаным нацыстамі восенню 1941 года лагеры смерці Трасцянец. У экспазіцыі будзе адлюстравана гісторыя месца масавага знішчэння людзей, прысвечаная лёсам былых вязняў канцлагера і ўсіх месцаў прымусовага ўтрымання часоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі. Сумесна з грамадскімі арганізацыямі Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння плануе запусціць пошукавы праект па аднаўленні ўсіх прозвішчаў і імёнаў загінулых. У цэнтры будуць створаны электронны архіў і кніга памяці ахвяр Трасцянца.