Піневіч: інтэнсіўнасць новай хвалі каранавіруса ў Беларусі будзе не вышэйшай за асеннюю

COVID-19

Інтэнсіўнасць новай хвалі каранавіруса ў Беларусі будзе не вышэйшай за асеннюю. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў міністра, да сярэдзіны сакавіка захваральнасць на COVID-19 зніжалася. Але гэтымі днямі медыкі сталі фіксаваць невялікую тэндэнцыю да росту. Гэта ў тым ліку звязана з пачаткам сезонных захворванняў.

«Пры гэтым мы аналізуем нашы граніцы і бачым, што даволі высокі рост захваральнасці асабліва ў нашых польскіх суседзяў. І, вядома, мы чакаем чарговай хвалі. Інтэнсіўнасць гэтай хвалі, мы лічым, адназначна будзе не вышэйшай за асеннюю», — сказаў Дзмітрый Піневіч.

Пры гэтым у Міністэрстве аховы здароўя лічаць, што захваральнасць на ВРВІ будзе не вельмі высокай, а значыць, другая і трэцяя хвалі каранавіруса хутчэй за ўсё не будуць нахлёствацца адна на адну.